Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта быў самы моцны боль, які яму давялося перанесці. Жывая істота, якая ўзнікла пад рукамі Шэрага Бабра і падобная колерам на сонца, апякла яму і нос і язык. Белы Клык скуголіў, скуголіў, не сціхаючы, і кожнае яго выццё людзі сустракалі новым выбухам смеху. Ён паспрабаваў лізнуць нос, але дотык апечанага языка да апечанага носа толькі ўзмоцніў боль, і ваўчок завыў з яшчэ большай роспаччу і сумам.

А потым яму зрабілася сорамна. Ён разумеў, чаму людзі смяюцца. Нам не дадзена ведаць, якім чынам некаторыя жывёлы разумеюць што такое смех, і здагадваюцца, што мы смяемся з іх. Тое-ж самае здарылася і з Белым Клыкам. Яму зрабілася сорамна, што людзі з яго смяюцца. Ён павярнуўся і ўцёк, але ўцячы яго прымусіў не бь ад апёкаў, а смех, таму што смех пранікаў глыбей і параніў мацней, чым агонь. Белы Клык кінуўся да Кіч, якая шалела на прывязі, — да адзінай у свеце істоты, якая не смяецца над ім.

Змерклася, услед за змрокам надышла ноч, а Белы Клык не адыходзіў ад маткі. Нос і язык усё яшчэ балелі, але яго мучыла другая, яшчэ больш моцная трывога. Яго ахапіў сум па радзіме. Ён адчуваў нейкую пустату ў сабе, яму нехапала цішыні і спакою, што акружалі ручай і пячору у скале. Жыццё зрабілася надта шумным. Вакол яго было вельмі многа людзей — мужчын, жанчын, дзяцей, — усе яны шумелі і раздражнялі ваўчка. Сабакі заўсёды лаяліся, грызліся, рыкалі і падымалі мітусню. Спакойнае адзіноцтва, якое ён ведаў раней, скончылася. Тут нават само паветра было насычана жыццём. Яно і гудзела навокал Белага Клыка, не змаўкаючы ні на хвіліну. Новыя гукі трывожылі і раздражнялі Белага Клыка, прымушаючы яго кожную хвіліну чакаць новых здарэнняў.

Ён назіраў, як людзі адыходзяць, прыходзяць і сноўдаюцца па лагеру. Падобна таму, як чалавек глядзіць на ім-жа створаных багоў, так і Белы Клык глядзеў на акружаючых яго людзей. Яны былі для яго вышэйшымі істотамі — божаствам. Яго смутнае сазнанне бачыла ва ўсіх іх дзеяннях тую-ж цудатворную сілу, якой чалавек надзяляе бога. Яны былі ўладальнікамі незразумелай, бязмежнай магутнасці; уладарамі ўсяго жывога і нежывога свету; яны трымалі ў па-