Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

была яго першая бойка з Ліп-Ліпам, і такіх боек уперадзе было шмат, таму што яны з першай-жа сустрэчы адчулі варожасць адзін да аднаго, глыбокую варожасць, якая выклікала ў іх вечныя сутычкі.

Кіч ласкава аблізвала Белага Клыка, прабуючы ўтрымаць яго каля сябе, але цікаўнасць ваўчка была ненасытная. Праз некалькі хвілін ён зноў накіраваўся на разведку і натыкнуўся на чалавека, якога называлі Шэрым Бабром. Прысеўшы на кортачкі, Шэры Бобр рабіў нешта з высахлым мохам і палкамі, якія былі раскладзены перад ім на зямлі. Белы Клык падышоў бліжэй і пачаў назіраць за ім. З рота шэрага Бабра вырваліся нейкія гукі, у якіх, як здалося Беламу Клыку, не было нічога варожага, і ён падышоў яшчэ бліжэй.

Жанчыны і дзеці падносілі Шэраму Бабру палкі і галінкі. Як відаць, справа была сур'ёзная. Цікаўнасць Белага Клыка так разгарэлася, што ён падышоў да Шэрага Бабра ўсутыч, забыўшы, што перад ім знаходзіцца страшная чалавечая істота. Раптам ён убачыў, што з-пад рук Шэрага Бабра над палкамі і мохам пачынае падымацца нешта дзіўнае, што нагадвала туман. Потым паміж палкамі, круцячыся і звіваючыся, узнікла штосьці жывое, падобнае па колеру да сонца ў небе. Белы Клык не падазраваў аб існаванні агню. Агонь вабіў яго да сябе, як калісь у пячоры у дні дзяцінства яго вабіла святло. Ваўчок падпоўз яшчэ бліжэй. Ён пачуў над сабой смех Шэрага Бабра і зразумеў, што ў гэтых гуках няма нічога варожага. Затым Белы Клык дакрануўся да полымя носам і высунуў язык.

У першую секунду ён аслупянеў. Прытаіўшыся сярод палак і моху, невядомае з лютасцю ўчапілася яму ў нос. Белы Клык адскочыў ад агню, страшэнна завішчэўшы. Пачуўшы гэты віск, Кіч з рыкам кінулася ўперад, наколькі дазваляла палка, і пачала кідацца ад раз'юшанасці, адчуваючы сябе бяссільнай дапамагчы ваўчку. Але Шэры Бобр рагатаў, ляскаючы сябе па бёдрах, і расказваў усяму лагеру аб тым што здарылася, і ўсе гучна смяяліся. А Белы Клык, які усеўся на заднія лапы, вішчэў, вішчэў несціхаючы і здаваўся такой маленькай, вартай жалю фігуркай, якая была непрыкметна сярод абступіўшых яго людзей.