Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

слухмянасці ўсё, што здольна рухацца, і надавалі рух нерухомым рэчам; з мёртвага моху і палак яны тварылі жыццё, якое кусалася і колерам сваім нагадвала сонца. Яны тварылі агонь! Яны былі багі!

Раздзел другі

НЯВОЛЯ

Кожны новы дзень прыносіў Беламу Клыку новыя перажыванні. Пакуль Кіч сядзела на прывязі, ён бегаў па ўсяму лагеру, даследваючы, вывучаючы яго і набіраючыся вопыту. Ён хутка азнаёміўся з прывычкамі і спосабам жыцця людзей, але такое блізкае знаёмства не выклікала ў ім пагарды да іх. Чым больш ён пазнаваў людзей, тым больш пераконваўся ў іх перавазе.

І таксама як яго маці, Кіч, выказала ім пакорлівасць, як толькі пачула сваё імя, так і Белы Клык пранікся той-жа пакорлівасцю. Калі яны пападаліся яму насустрач, ён уступаў ім дарогу. Калі яны клікалі яго, ён падыходзіў. Калі яны пагражалі, ён прыпадаў да зямлі. Калі яны праганялі яго, ён хутка ўцякаў. Таму што кожнае іх жаданне пацвярджалася сілай, якая магла прычыніць боль, сілай, якая выяўлялася пры дапамозе кулака альбо палкі, пры дапамозе лётаючых каменняў і апякаючых болем удараў бізуна.

Белы Клык належыў людзям, як належалі ім усе сабакі. Яго ўчынкі залежалі ад іх жаданняў. Яго цела яны маглі замучыць, растаптаць або пашкадаваць. Гэты урок Белы Клык запамятаў хутка, але даўся ён яму нялёгка, — надта многае у натуры ваўчка абуралася супроць таго, з чым яму прыходзілася сутыкацца на кожным кроку; і разам з тым, непрыкметна для самога сябе, Белы Клык пачынаў разумець хараство новага жыцця, хоць прывыкаць да яго было і цяжка і непрыемна. Яму падабалася аддаваць свой лёс у чужыя рукі і знімаць з сябе ўсякую адказнасць за ўласнае існаванне. Ужо адно гэта з'яўлялася для яго ўзнагародай, таму што абапірацца на другога заўсёды лягчэй, чым стаяць аднаму.

Але ўсё гэта здарылася не адразу, — за адзін дзень нельга аддацца чалавеку і душой і целам. Белы Клык не мог адразу перамагчы ў сабе спадчынасць, не мог