Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але вось ён пачуў нешта такое, што пачулі і індзейцы. Ваўчок пазнаў гэтыя гукі і, у апошні раз працягла завыўшы (у гэтым выцці хутчэй гучэла радасць, чым гора,) змоўк і прыгатаваўся чакаць з'яўлення маткі-сваёй адважнай, лютай маткі, якая умела біцца з праціўнікамі, умела забіваць іх і ніколі нічога не баялася. Яна набліжалася са страшэнным рыкам. Маці пачула крыкі свайго ваўчка і кінулася да яго на дапамогу.

Яна кінулася да людзей. Устрывожаная, гатовая рынуцца ў бітву, ваўчыца ўяўляла з сябе мала прыемнае відовішча, але ваўчка гэты ратавальны гнеў толькі ўзрадаваў.

Ён завішчэў ад шчасця і кінуўся ёй насустрач, а людзі паспешна адступілі на некалькі крокаў назад. Ваўчыца стала паміж ваўчком і людзьмі, шэрсць на ёй паднялася дыбам, у горле клекатаў рык. Лютасць зусім перакрывіла ваўчыцу, скура у яе на носе сабралася ў дробныя складкі і ўся падзёргвалася ад аглушальнага рыку.

І раптам адзін індзеец крыкнуў:

— Кіч!

У выгуку яго чулася здзіўленне.

Ваўчок адчуў, што маці натапырылася да гэтага гуку.

— Кіч! — зноў крыкнуў чалавек, на гэты раз рэзка і загадна.

І тады ваўчок убачыў, як ваўчыца, яго бясстрашная Маці, вішчачы, прыпала да зямлі, дакрануўшыся да яе брухам, і закруціла хвастом, просячы міру. Ваўчок нічога не зразумеў. Яго ахапіў жах. Ён зноў задрыжэў перад чалавекам. Інстынкт гаварыў яму праўду. І маці пацвердзіла гэта. Яна таксама выказвала пакорлівасць людзям.

Чалавек, які сказаў «Кіч», падышоў да ваўчыцы. Ён паклаў ёй руку на галаву, і ваўчыца яшчэ ніжэй прыпала да зямлі. Яна не ўкусіла яго, ды і не збіралася гэтага рабіць. Да ваўчыцы падышлі астатнія людзі і пачалі абмацваць і гладзіць яе, але яна не пратэставала. Усе яны былі вельмі ўзрушаны, і з ртоў іх вырываліся громкія гукі. У гэтых гуках не было нічога пагражаючага, ваўчок прытуліўся да маткі і парашыў пакарыцца,