Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

свядомасці жыла ўпэўненасць, што гэтая жывёла адваявала сабе пяршынства над усімі астатнімі жыхарамі Лясной Глушы. На чалавека зараз глядзела не адна пара вачэй, — на яго ўтаропіліся вочы ўсіх продкаў ваўчка, якія блукалі ў цемнаце вакол безлічных зімніх стаянак, прыглядваліся здалёк, з-за густых зараснікаў, да дзіўнай двуногай жывёліны — да чалавека. Ваўчок апынуўся ва ўладзе сваіх продкаў, ва ўладзе страху і павагі, народжаных векавой барацьбой і вопытам, накопленым пакаленнямі. Гэтая спадчына прыгняла ваўка, які быў усяго толькі ваўчанём. Калі-б ваўчок быў больш старэйшым, ён-бы ўцёк. Але зараз ён прыпаў да зямлі, паралізаваны страхам і амаль быў гатовы выказаць тую пакорлівасць, з якой далёкі продак ішоў да чалавека, каб пагрэцца ля яго агню.

Адзін з індзейцаў устаў, падышоў да ваўчка і нахіліўся над ім. Ваўчок яшчэ ніжэй прыпаў да зямлі. Невядомае набыло нарэшце плоць і кроў, схілілася над ваўчком і працягнула да яго руку, збіраючыся схапіць яго. Шэрсць ваўчка паднялася дыбам, незалежна ад яго волі, губы задрыжэлі, агаліўшы маленькія клыкі. Рука, якая навісла над ім, на хвіліну затрымалася, і чалавек сказаў са смехам:

— Вабам вабіска іп піт та. (Глядзіце! Белыя клыкі!)

Астатнія гучна рассмяяліся і пачалі падбухторваць індзейца ўзяць ваўчка ў рукі. Рука апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, а ў ваўчка бушавала барацьба двух інстынктаў. Адзін унушаў, што трэба пакарыцца, другі штурхаў на барацьбу. Нарэшце ваўчок пайшоў на згоду з самім з сабою. Ён паслухаўся інстынктаў — пакарыўся да таго часу, пакуль рука не дакранулася да яго, а затым парашыў змагацца і схапіў яе зубамі. У наступны момант удар па галаве паваліў яго набок. Усякае жаданне змагацца знікла. Ваўчок ператварыўся ў паслухмянага шчанюка. Ён сеў на заднія лапы і заскуголіў. Але чалавек з укушанай рукой раззлаваўся. Ваўчок атрымаў яшчэ адзін удар па галаве і, падняўшыся на ногі, заскуголіў яшчэ галасней, чым першы раз.

Чатыры індзейцы разрагаталіся, і нават чалавек, якога ўкусіў ваўчок, далучыўся да іх рогату. Усё яшчэ рагочачы, яны абступілі ваўчка, які не спыняў выць ад болю і жаху.