Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

парода, — не драпежнікі і дробныя драпежнікі. Зверы, якія ўваходзяць у другую групу, забіваюць і ядуць яго пароду або яго парода забівае і есць іх. І з гэтага падраздзялення склаўся закон. Мэта жыцця — здабыча. Сутнасць жыцця — здабыча. Жыццё жывіцца жыццём. Усё жывое ў свеце ваўчка падзяляецца на тых, хто есць, і тых, каго ядуць. І закон гэты гаварыў: еш, або цябе з'ядуць. Ваўчок не мог ясна і выразна сфармуляваць закон і не спрабаваў вывесці з яго ніякай маралі. Ён нават не думаў аб гэтым, а проста жыў згодна гэтага закона.

Дзеянне закона ваўчок бачыў усюды. Ён з'еў птушанят курапаткі. Ястраб з'еў іх матку і хацеў з'есці самога ваучка. Пазней, калі ваўчок падрос, яму захацелася з'есці ястраба. Ён зэеу маленькую рысь. Маці яе з'ела-б ваўчка, калі-б сама не была забіта і з'едзена. Так яно і ішло. Усё жывое вакол ваўчка жыло згодна гэтаму закону, малюсенькай частацкай якога з'яўляўся і ён сам. Ён быў драпежнікам. Ён жывіўся толькі мясам, жывым мясам, якое ўцякала ад яго, узлятала на паветра, лазіла па дрэвах, хавалася ў зямлю або ішло да яго насустрач і пачынала бойку, а часам і прымушала яго ўцякаць.

Ваўчок не ўмеў мысліць, як чалавек, і не меў здольнасці да сувязей. Паставіўшы сабе якую-небудзь адну мэту, ён толькі аб ёй і думаў, толькі яе адной і дамагаўся. Апрача закона мяса, у жыцці ваўчка было мноства іншых, менш важных законаў, якія ён павінен быў вывучыць і, вывучыўшы, пакарацца ім. Свет меў шмат нечаканасцей. Жыццё, якое трапятала ў ваўчка, гульня яго мускулаў з'яўляліся для яго невычарпальнай крыніцай шчасця. Пагоня за мясам прымушала яго дрыжэць ад асалоды. Лютасць і бойка прыносілі з сабой адну прыемнасць. І нават у жаху і таямніцах невядомага было для яго жыццё.

Апрача гэтага, у жыцці было шмат іншых прыемных адчуванняў. Насычанасць, лянівая дрымота на сонцы — усё гэта з'яўлялася для ваўчка ўзнагародай за яго стараннасць і працу, а стараннасць і праца самі па сабе прыносілі яму радасць. Такім чынам, ваўчок жыў у згодзе з акружаўшым яго варожым асяроддзем. Ён быў вельмі жыццерадасным, шчаслівым і ганарыўся сабой.