Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

перашкоджаў рухам рысі і дапамагаў матцы. Але хутка барацьба набыла новы абарот, абодва зверы падмялі пад сябе ваўчка, і яму прышлося выпусціць лапу рысі У наступную хвіліну абедзве маткі адскочылі адна ад другой, і, перш чым зноў сашчапіцца з ваўчыцай, рысь ударыла ваўчка сваёй магутнай лапай, разарваўшы яму плячо да самай касці, і адкінула яго да сцяны. Прарэзлівы крык параненага і перапалоханага ваўчка далучыўся да выцця раз'юшаных звяроў. Але барацьба так зацягнулася, што ў ваўчка было дастаткова часу, каб накрычацца ўволю і пачуць новы прыліў мужнасці; К канцу бітвы, ярасна рыкаючы праз сціснутыя пашчэнкі, ён зноў учапіўся ў заднюю лапу рысі.

Рысь была мёртвая. Але і ваўчыца моцна аслабела ад атрыманых ран. Яна пачала было лашчыць ваўчка і залізваць яму рану на плячы, але страта крыві зусім знясіліла яе, і ўвесь гэты дзень і усю ноч ваўчыца праляжала каля мёртвага ворага, не кратаючыся і ледзь дыхаючы. Наступны тыдзень, выходзячы з пячоры толькі дзеля таго, каб напіцца, ваўчыца ледзь перастаўляла ногі, таму што кожны рух учыняў ёй боль. К канцу тыдня рысь была з'едзена, і раны ваўчыцы ўжо настолькі загаіліся, што яна магла зноў пачаць паляванне.

Плячо у ваўчка ўсё яшчэ балела, і ён хадзіў пакульгваючы, пакуль страшная рана не загаілася. Але свет за гэты час неяк змяніўся. Ваўчок трымаўся ў ім з большай упэўненасцю, з пачуццём гонару, якога ён не адчуваў да бойкі з рыссю. Яго адносіны да света былі цяпер больш суровымі: ён удзельнічаў у бойцы; ён усадзіў зубы ў цела ворага і астаўся жывым. Таму ваўчок трымаўся цяпер смела і нават задзёрыста, чаго раней у ім не было. Ён ужо не баяўся дробных звяркоў і амаль перастаў палохацца, хоць невядомае не пераставала прыгнятаць яго.

Ваўчок пачаў хадзіць разам з ваўчыцай на паляванне, шмат разоў бачыў, як яна забівае дзічыну, і сам прымаў удзел у гэтым. Ваўчок няясна пачаў разумець закон здабычы. У жыцці існуюць дзве пароды — яго ўласная і чужая. Да першай належыць ён з маткай, да другой-усе астатнія істоты, якія маюць здольнасць рухацца. Але і яны ў сваю чаргу падзяляюцца на дзве групы. Першую складаюць тыя, каго забівае і есць яго