Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ежа — ежа, якой так настойліва патрабуе яго страўнік. Але ястраб адмовіўся прыняць бой, і ваўчок забраўся ў гушчар, жаласліва вішчачы ад расчаравання і голаду.

Голад скончыўся. Ваўчыца прынесла дамоў мяса. Мяса было незвычайнае, зусім не падобнае на тое, якое яна прыносіла раней. Гэта быў дзяцёныш рысі, які ужо падрос, але не такі вялікі, як ваўчок. І ўсё мяса цалкам прызначалася яму. Ваўчыца ўжо паспела заспакоіць свой голад, хоць ваўчок і не падазраваў, што для гэтага ёй спатрэбіўся ўвесь астатні вывадак рысі. Не падазраваў ён і таго, які смелы ўчынак прышлося зрабіць маці. Ваўчок ведаў толькі адно: маладзенькая рысь з аксамітнай скуркай была мясам, і ён еў гэтае мяса і рабіўся шчаслівейшым з кожным праглынутым кавалкам.

Насычанасць выклікае бяздзеянне, і ваўчок прылёг у пячоры побач з маткай і заснуў. Яго разбудзіла яе рыканне. Ніколі яшчэ ваўчок не чуў ад маткі такіх дзіўных гукаў. Магчыма, што за ўсё сваё жыццё яна ніколі не рыкала больш страшна. Але прычына для такога рыкання была, і ніхто не ведаў гэтага лепш, чым сама ваўчыца. Вывадак рысі нельга знішчыць беспакарана.

У яркіх праменнях паўдзённага сонца ваўчок убачыў самку-рысь, якая прыпала да зямлі ля ўваходу ў пячору. Шэрсць на спіне ў ваўчка паднялася дыбам. На яго насоўваўся жах, -гэта было ясна без інстынкта. І калі нават выгляд рысі быў недастаткова страшны, то раз'юшанае выццё, якое пачулася, раптам перайшоўшы ад рыку да хрыплага віску, гаварыла само за сябе.

Жыццё, якое таілася ў ваўчку, узняло галаву; грозна рыкаючы, ён устаў і заняў месца побач з маткаю. Але яна пагардліва адштурхнула яго назад. Нізкі ўваход не дазваляў рысі зрабіць прыжок, яна юркнула ў пячору, але ў гэты момант ваўчыца скочыла і прыціснула яе да зямлі. Мала што ўдалося ваўчку ўбачыць у гэтай бойцы. Ён чуу толькі рык, фырканне рысі і прарэзлівы крык. Абодва зверы качаліся па зямлі; рысь рвала праціўніка зубамі і кіпцюрамі, але ваўчыца магла пускаць у ход толькі клыкі.

Адзін раз ваўчок падскочыў да рысі, з раз'юшаным рыкам учапіўся ёй у заднюю лапу і не разнімаў зубоў. Цяжарам свайго цела ваўчок, сам таго не падазраючы,