Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дабрацца калі-небудзь да вавёркі, якая сваёй траскатнёй паведамляла ўсім жыхарам лесу аб яго набліжэнні. Але вавёрка з такой-жа лёгкасцю лазіла па дрэвах, з якой птушкі лёталі па паветры, і ваўчку аставалася толькі адно: паспрабаваць непрыкметна падкрасціся да яе, пакуль яна была на зямлі.

Ваўчок надзвычай паважаў сваю матку. Яна ўмела здабыць мяса і ніколі не забывалася прынесці ваўчку яго долю. Больш таго, — яна нічога не баялася. Ваўчку не прыходзіла ў галаву, што гэтая адвага далася ёй шляхам вопыту і ведання. Ён думаў, што адважнасць ёсць выражэнне сілы. Маці была ўвасабленнем такой сілы; і, падрастаючы, ён адчуваў гэтую сілу ў больш рэзкім удары яе лапы; у тым, што штуршкі носам, якімі маці карала яго раней, замяніліся цяпер лютымі ўдарамі яе клыкоў. Гэта таксама ўнушала ваўчку павагу да маткі. Яна патрабавала ад яго паслухмянасці, і чым больш ён падрастаў, тым больш сурова яна з ім абыходзілася.

Зноў надышоў галодны час, і ваўчок цяпер ужо ўпаўне свядома пераносіў мукі голаду.

Ваўчыца зусім схудзела ў пошуках ежы. Праводзячы амаль увесь час на паляванні і большай часткай без усякіх вынікаў, яна рэдка прыходзіла спаць у пячору. На гэты раз галадоўка была нядоўгая, але лютая. Ваўчок не знаходзіў малака ў матчыных сасках і не мог раздабыць ні кавалачка мяса.

Раней ён паляваў дзеля забавы, дзеля той прыемнасці, якую прыносіла яму паляванне; цяпер-жа ён узяўся за гэтую справу па-сапраўднаму, і ўсё-ж у яго нічога не атрымлівалася. Але няўдачы толькі спрыялі яго развіццю. Ён з яшчэ большай стараннасцю вывучаў звычаі вавёркі і прыкладаў яшчэ больш намаганняў да таго, каб падкрасціся да яе знянацку. Ён выследжваў палявых мышэй і спрабаваў выкапваць іх з норак, даведаўся шмат аб чым новым пра дзятлаў і іншых птушак. І вось надышоў час, калі ваўчок ужо не хаваўся за кусты ўбачыўшы цень ястраба. Ён зрабіўся больш дужым, спрактыкаваным, адчуваў у сябе большую ўпэўненасць. Апрача таго, голад зрабіў яго больш лютым. І аднойчы ваўчок сеў пасярод паляны на самым відным месцы і пачаў чакаць, калі ястраб спусціцца да яго. Ён ведаў, што там, над ім, у блакітным небе, лётае