Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

не даводзілася паспрабаваць ушыбаў ад паданняў. Ды ён і не ведаў, што такое паданне. Таму ён смела ступіў прама ў паветра. Заднія ногі ў яго затрымаліся на выступе ля ўваходу ў пячору, так што ён паваліўся галавой уніз. Зямля моцна стукнула ваўчка па носе, і ён завішчэў, і тут-жа ўслед за гэтым пакаціўся кулём уніз па адкосу. Яго ахапіў панічны страх. Невядомае, нарэшце, авалодала ім. Яно не выпускала яго з лап і рыхтавалася зрабіць з ім нешта страшнае. Страх апанаваў ваўчка, і ён завішчэў, як перапалоханае шчанё. Невядомае хацела ўчыніць яму нейкі страшны боль, — ён яшчэ не мог зразумець, які, і выў і вішчэў не сціхаючы. Гэта было куды горш, чым ляжаць, заміраючы ад страху, калі невядомае толькі прамільгнула міма яго. Цяпер яно захапіла яго ў сваю ўладу. Маўчанне нічаму не дапаможа. Апрача таго, ваўчком апанаваў ужо не страх, а жах.

Але адкос рабіўся ўсё больш спадзістым, і ля яго падгор'я расла трава. Хуткасць падання зменшылася. Спыніўшыся, нарэшце, ваўчок спачатку страшэнна завыў, потым працягла і сумна заскавытаў. А затым самым дзелавым чынам, нібы яму ўжо тысячы разоў у жыцці прыходзілася займацца сваім туалетам, пачаў злізваць прыстаўшую да бакоў сухую гліну. Скончыўшы з гэтым, ён сеў і азірнуўся навокал таксама, як гэта зрабіў-бы першы чалавек, які папаў з зямлі на Марс. Ваўчок прабіўся праз сцяну свету, невядомае выпусціла яго са сваіх абдымкаў, і ён астаўся непашкоджаным. Але першы чалавек на Марсе сустрэў-бы значна менш незвычайнага, чым ваўчок. Без усякага папярэдняга ведання, без усякага папярэджання ён апынуўся ў ролі даследчыка зусім незнаёмага яму свету.

Цяпер, калі страшная невядомасць адпусціла ваўчка на волю, ён забыў аб усіх яе жахах. Ён адчуваў толькі цікаўнасць да ўсяго, што яго акружала. Ён агледзеў траву пад сабой, кусцік брусніцы трохі далей, ствол засохлай хвоі, якая стаяла скраю палянкі, акружанай дрэвамі. Вавёрка быбегла з-за хвоі прама на ваўчка і страшна спалохала яго. Ён прытуліўся да зямлі і зарыкаў. Але вавёрка перапалохалася не менш яго. Яна хутка ўзлезла на дрэва і, апынуўшыся па-за небяспекай, сярдзіта затараторыла.