Гэта надало ваўчку храбрасці, і, хоць дзяцел, з якім яму прышлося услед за тым сутыкнуцца, прымусіў яго уздрыгнуць, ён упэўнена ішоў далей. Упэўненасць гэтая ўзрасла да такой ступені, што, калі нейкая птушка задзірыста падскочыла да ваўчка, ён гулліва працягнуў да яе лапу. У адказ на гэта птушка балюча дзяўбанула яго ў кончык носа; ваўчок прытуліўся да зямлі і завішчэў. Птушка спалохалася яго віску і паспяшалася адляцець.
Ваўчок вучыўся. Яго маленькі, слабы мозг ужо зрабіў несвядомы вывад. Рэчы бываюць жывыя і нежывыя. І жывых рэчаў трэба асцерагацца. Нежывыя заўсёды астаюцца на адным месцы, а жывыя рухаюцца, і ніколі нельга ведаць загадзя, што яны могуць зрабіць. Ад іх трэба чакаць усякіх нечаканасцей і быць да ўсяго гатовым.
Ваўчок рухаўся вельмі нязграбна. Ён натыкаўся на сукі і на іншыя рэчы. Галінка, якая на першы погляд, здавалася, была на вялікай адлегласці ад яго, сцябала яго па носе і абдзірала бакі. Паверхня была няроўная. Часам ён спатыкаўся і збіваў нос. Не менш часта ён аступаўся і біў лапы. Апрача тато, трапляліся дробныя і вялікія каменні, якія пераварачваліся, як толькі ён наступаў на іх; тут ваўчок зразумеў, што не ўсе нежывыя рэчы знаходзяцца ў стане ўстойлівай роўнавагі, як яго пячора; выявілася таксама, што маленькія нежывыя рэчы значна часцей падаюць і пераварачваюцца, чым вялікія. І ваўчок з кожнай памылкай даведваўся ўсё больш і больш, чым далей ён ішоў, тым лепш у яго гэта атрымлівалася. Ён прыстасоўваўся. Ён вучыўся разлічваць свае рухі, прыладжвацца да сваіх фізічных вагчымасцей, вымяраць адлегласць паміж рознымі прадметамі, а таксама паміж імі і сабой.
Шчасце, якое не пакідала навічкоў, не здрадзіла і ваўчку. Народжаны, каб зрабіцца паляўнічым за дзічынай (хоць сам ён і не ведаў гэтага), ваўчок натрапіў на дзічыну адразу каля пячоры ў першую-ж сваю вылазку ў свет. Майстэрскі схаванае гняздо курапаткі трапілася ваўчку толькі дзякуючы яго-ж уласнай нязграбнасці. Ён паваліўся на яго. Ён паспрабаваў прайсціся па ствалу хвоі, якая павалілася. Гнілая кара падалася пад яго нагамі, і ваўчок са страшэнным выццём сарваўся з круглага ствала, зваліўся на куст і, пра-