Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У процілегласць другім сценам, з якімі яму прыходзілася сутыкацца, гэтая сцяна, здавалася, адступала усё далей і далей па меры таго, як ён набліжаўся да яе. Выпрабоўваюча высунуўшы ўперад свой маленькі далікатны нос, ён не наткнуўся ім на цвёрдую паверхню. Сама сцяна, здавалася, была такой-жа празрыстай і пранікальнай, як святло. Ваўчок увайшоў у тое, што яму здавалася сцяной, і апусціўся ў складаючае яе рэчыва.

Гэта збівала з панталыку: ён-жа поўз праз цвёрдую масу. А святло рабілася ўсё ярчэйшым і ярчэйшым. Страх гнаў ваўчка назад, але мацнеючае жыццё прымушала ісці далей. Раптам ён апынуўся ля выхаду з пячоры. Сцяна, унутры якой, як яму здавалася, ён знаходзіўся, нечакана адышла на невымерна далёкую адлегласць. Ад яркага святла зрабілася балюча вачам. Яно асляпляла ваўчка. Прастора, якая раптам рассунулася, кружыла яму галаву. Вочы самі па сабе прывыкалі да яркага асвятлення і прыстасоўваліся да павялічанай адлегласці паміж прадметамі. Спачатку сцяна адскочыла так далёка, што згубілася з вачэй. Цяпер ён зноў разгледзеў яе, але яна адышла далёка і здавалася ўжо зусім іншай. Сцяна зрабілася стракатай, у яе ўваходзілі дрэвы, якія раслі абапал ручая, і гара, якая ўзвышалася ззаду дрэў, і неба, якое было яшчэ вышэй гары.

Ваўчком апанаваў жах. Страшных і невядомых рэчаў зрабілася яшчэ больш. Ён натапырыўся ля ўваходу у пячору і пачаў глядзець на свет, які адкрыўся перад ім. Ваўчок быў перапалоханы. Усё невядомае здавалася яму варожым. Шэрсць у яго на спіне стала дыбам; ён злёгку вышчарыў зубы, спрабуючы люта, застрашальна зарыкаць. Маленькі спалоханы звярок кідаў выклік і пагражаў усяму свету.

Аднак, нічога не здарылася. Ваўчок не спыняў глядзець і ад цікаўнасці нават забыўся зарыкаць. Забыўся нават на свой спалох. На час страх уступіў месца цікаўнасці. Ваўчок пачаў адрозніваць бліжэйшыя прадметы: адкрытую частку ручая, што мігцеў на сонцы, засохшую хвою каля адкосу, самы адкос, які прама ўзнімаўся да неба ў якіх-небудзь двух футах ад пячоры, ля ўваходу у якую ён прымасціўся. Да гэтага часу шэры ваўчок жыў на роўнай паверхні. Яму яшчэ