Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэта значыць забарон і перашкод, каб карыстацца ўзнагародамі і радасцямі. Вось чаму, пакараючыся закону, які яму ўнушыла маці, пакараючыся невядомаму і безнайменнаму закону страху, ваўчок трымаўся як мага далей ад уваходу ў пячору. Уваход гэты ўсё яшчэ здаваўся яму белай сцяной святла. Калі маткі ў пячоры не было, ён большай часткай спаў, а прачынаючыся, ляжаў зусім ціха і стрымліваў журботнае вішчэнне, якое ляскатала яму горла і рвалася вонкі.

Прачнуўшыся неяк аднаго разу, ён пачуў ля белай сцяны непрывычныя гукі. Ён не ведаў, што гэта была расамаха, якая спынілася ля ўваходу і, дрыжучы ад уласнай смеласці, асцярожна прынюхвалася да пячоры. Ваўчок ведаў толькі адно: гукі былі непрывычныя, дзіўныя, а значыць, невядомыя і страшныя, — бо невядомае было адным з асноўных элементаў, з якіх складваўся страх.

Шэрсць на спіне ў ваўчка стала дыбам, але ён маўчаў. Чаму ён здагадаўся, што ў адказ на гэтыя гукі трэба натамырыцца? У яго не было такога вопыту ў мінулым, і ўсё-ж так праяўляўся ў ім страх, якому нельга было знайсці тлумачэння ў пражытым ім жыцці. Але страх суправаджаўся яшчэ адным інстынктыўным жаданнем — жаданнем схавацца. Ваўчанё ахапіў жах, але ён ляжаў без гуку, без руху, застыўшы, акамянеўшы, ператварыўшыся ў мёртвае цела. Вярнуўшыся дамоў і пачуўшы сляды расамахі, маці яго зарыкала, кінулася ў пячору і з незвычайнай для яе пяшчотнасцю пачала лізаць і лашчыць ваўчка. І ваўчок зразумеў, што яму ўдалося ўнікнуць вялікай бяды.

Але ў ім дзейнічалі і іншыя сілы, галоўнай з якіх быў рост. Інстынкт і закон патрабавалі ад яго пакорлівасці, але рост патрабаваў непакорлівасці. Маці і страх прымушалі яго трымацца як мага далей ад белай сцяны. Але рост ёсць жыццё, а жыццю суджана вечна імкнуцца да святла. і ніякімі перашкодамі нельга было спыніць хвалі жыцця, якая ўзнімалася ў ім, узнімалася з кожным праглынутым кавалкам мяса, з кожным глытком паветра. І нарэшце, аднойчы страх і паслухмянасць былі адкінуты ўбок напорам жыцця, і ваўчок няпэўнымі, нясмелымі крокамі накіраваўся да выхаду з пячоры.