Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стрэцца з ёй вока на вока, асабліва, калі ведаеш, што за спіной у рысі цэлы вывадак галодных дзяцёнышаў.

Але Лясная Глуш астаецца Глушшу, і мацярынства астаецца мацярынствам, яно не спыняецца ні перад чым як у Лясной Глушы, так і паза ёй; і немінуча павінен быў надыйсці дзень, калі дзеля свайго шэрага ваўчка ваўчыца адважыцца пайсці па леваму рукаву, да логава ў скалах, насустрач раз'юшанай рысі.

Раздзел чацверты

СЦЯНА СВЕТУ

К таму часу, калі маці пачала пакідаць пячору і хадзіць на паляванне, ваўчок ужо зразумеў закон, які забараняў яму набліжацца да выхаду з логава. Закон гэты шмат разоў унушала яму маці, штурхаючы яго то носам, то лапай, ды і ў ім самім пачынаў развівацца інстынкт страху. За ўсё сваё кароткае жыццё ў пячоры ён ні разу не спаткаў нічога такога, што магло спалохаць яго. І ўсё-ж ён ведаў, што такое страх. Страх перайшоў да ваўчка ад аддаленых прэдкаў, праз тысячу жыццяў. Гэта была спадчына, атрыманая ім непасрэдна ад аднавокага і ваўчыцы; але і да іх у сваю чаргу праз усё пакаленне ваўкоў, якія былі да іх, перайшоў страх — спадчына Лясной Глушы. Такім чынам, шэры ваўчок ведаў страх, хоць і не разумеў яго сутнасці. Магчыма, што ён прымірыўся з ім, як з адной з перашкод, якія ставяць жыццё, а яму прышлося пераканацца, што такія перашкоды існуюць. Ён зазнаў, што такое голад, і, не маючы магчымасці заспакоіць яго, наткнуўся на перашкоду. Цвёрдыя сцены пячоры, рэзкія штуршкі носам, якімі частавала яго маці, знішчальны ўдар яе лапы, незаспакоены голад выпрацавалі ў ім упэўненасць, што не ўсё на свеце дазволена, што для жыцця існуе вялікая колькасць абмежаванняў і забарон. І гэтыя абмежаванні і забароны былі законам. Пакарыцца ім — значыць унікнуць болю і астацца непашкоджаным.

Ваўчок не разважаў аб усім гэтым так, як разважаюць людзі. Ён проста падзяліў навакольны свет на тое, што выклікае боль і тое, што болю не выклікае. І, размежаваўшы, унікаў усяго, што выклікае боль,