Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аднавокі быў у роспачы. Ён рыскаў усюды, дзе толькі было можна, і мала спаў у логаве, якое было цяпер нудным і бязрадасным. Ваўчыца таксама пакінула свой вывадак і вышла на пошукі ежы. У першыя дні пасля нараджэння ваўчанят Аднавокі некалькі разоў рабіў падарожжы да індзейскага пасёлка і абкрадваў трусіныя пасткі; але як толькі снег растаў і рэкі ўзняліся, індзейцы пайшлі далей, і гэтая крыніца ежы знікла.

Калі шэры ваўчок вярнуўся да жыцця і зноў пачаў цікавіцца далёкай белай сцяной, ён выявіў, што насельніцтва яго свету значна паменшылася. У яго асталася толькі адна сястра. Астатнія зніклі. Калі да яго вярнуліся сілы, ён вымушан быў гуляць у адзіноцтве, таму што сястра не магла ні падняць галавы, ні крануцца. Яго маленькае цела акруглялася ад мяса, якое ён еў цяпер; але для яе ежа з'явілася надта позна. Яна ўвесь час спала, і іскра жыцця ў яе маленькім, абцягнутым скурай шкілеце мігцела ўсё слабей і сла. бей і, нарэшце, патухла.

Потым надышоў час, калі шэры ваўчок ужо не бачыў больш, як яго бацька з'яўляецца і знікае ў сцяне або спіць ля ўваходу ў пячору. Гэта здарылася ў канцы другой, менш лютай галадоўкі. Ваўчыца ведала, чаму Аднавокі не прышоў назад, але яна не магла расказаць шэраму ваўчку пра тое, што ёй давялося ўбачыць.

Адправіўшыся ў пошукі за здабычай уверх па леваму рукаву ручая, туды, дзе жыла рысь, яна натрапіла на след Аднавокага, пакінуты ім напярэдадні. І там, дзе сляды канчаліся, яна знайшла яго самога, вярней тое, што ад яго асталося.

Усё навокал гаварыла аб бітве, аб тым, як, выйграўшы бітву, рысь накіравалася да сябе ў логава. Перш чым адыйсці, ваўчыца адшукала гэтае логава, але, мяркуючы па ўсіх адзнаках, рысь была дома, ваўчыца не адважылася ўвайсці туды.

Пасля гэтага ваўчыца ўнікала палявання на левым рукаве ручая. Яна ведала, што ў рысі ў логаве ёсць дзяцёнышы і што сама рысь славіцца сварлівым характарам, злосцю і адважнасцю ў бойках. Поўтузіне ваўкоў нічога не значыць загнаць на дрэва фыркаючую, натапыраную рысь; але зусім іншая справа су-