Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а Аднавокі ішоў за ёй следам, назіраючы і вучачыся, як трэба абкрадваць пасткі, і гэтае веданне пазней саслужыла яму добрую службу.

Раздзел другі

ЛОГАВА

Цэлыя два дні блукалі ваўчыца і Аднавокі каля індзейскага пасёлка. Аднавокі непакоіўся і палохаўся, а ваўчыцу лагер нечым вабіў, і яна ніяк не хацела адыходзіць. Але аднойчы раніцой, калі ў паветры, зусім недалёка ад іх, пачуўся стрэл і куля стукнулася ў дрэва ўсяго за некалькі дзюймаў ад галавы Аднавокага, ваўкі ўжо больш не вагаліся і пусціліся ў дарогу доўгімі роўнымі прыжкамі, хутка павялічваючы адлегласць паміж сабой і небяспекай.

Яны беглі нядоўга — усяго два дні. Ваўчыца ўсё больш настойліва шукала. Яна моцна абцяжэла за гэтыя дні і не магла хутка бегаць. Аднойчы, пагнаўшыся за трусом, якога ў звычайны час яна-б вельмі лёгка злавіла, цяпер-жа раптам кінула пагоню і прылягла на снег адпачыць. Аднавокі падышоў да яе, але не паспеў ён ціханька дакрануцца мордай яе шыі, як ваўчыца з такой лютасцю рванула яго зубамі, што ён паваліўся на спіну і, выкручваючыся ад яе пашчы, меу досыць смешны выгляд. Ваўчыца зрабілася яшчэ больш успыльчывай, чым раней; але Аднавокі быў цярплівы і клапатлівы, як ніколі.

І вось, нарэшце, ваўчыца знайшла тое, што шукала. Знайшла за некалькі міль уверх па цячэнню невялікага ручая, які летам упадаў у Мекензі; цяпер, прамерзнуўшы да камяністага дна, ручай заціх, ператварыў шыся ад вытокаў да вусця ў адну суцэльную белую масу. Ваўчыца зморанай рысцой бегла ззаду Аднавокага, які адышоў далёка наперад, і раптам заўважыла, што ў адным месцы высокі бераг навісае над ручаём. Яна звярнула ўбок і падбегла туды. Буйныя вясеннія ліўні і талыя снягі размылі вузкую шчыліну ў беразе і ўтварылі там невялікую пячору. Ваўчыца спынілася ля ўваходу, уважліва агледзела сцяну пячоры. Затым абегла яе з абодвух бакоў, пачынаючы з асновы і да таго месца, дзе круча пераходзіла ў ад-