Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гацца. Паўночная Пустыня не любіць руху. Яна замаражвае ваду, каб спыніць яе бег да мора; яна высмоктвае сокі з дрэва, і яго магутнае сэрца дубее ад сцюжы; але з асаблівай раз'юшанасцю і лютасцю Паўночная Пустыня ламае ўпартасць чалавека, таму што чалавек — самая мяцежная істота ў свеце, паўстаючая супроць закона, які гаворыць, што ўсякі рух нарэшце павінен спыніцца.

І вось наперадзе і ззаду саней ледзь ішлі два бясстрашныя і непакорлівыя чалавекі, у якіх яшчэ не згасла жыццё. Іх адзенне было зроблена з футры і мяккай дубленай скуры. На расніцы, шчокі і губы густа наліплі крышталі намаразі ад замярзаўшага на паветры дыхання, і твары іх цяжка было разгледзець.

Яны ішлі моўчкі, зберагаючы дыханне для хадзьбы. Амаль асязальная маўклівасць акружала іх з усіх бакоў.

Мінула гадзіна, мінула другая. Бледнае святло кароткага цьмянага дня пачало гаснуць, калі ў навакольнай цішыні пачулася слабае, аддаленае выццё. Яно імкліва ўзвілася кверху, дасягнула высокай ноты, затрымалася на ёй, дрыжучы, але не зніжаючы сілы, а потым паступова замерла. У ім чуліся нейкая панурая лютасць і азвярэнне голаду.

Чалавек, які ішоў наперадзе, абярнуўся, злавіў позірк таго, які цераз сілу ішоў ззаду саней, і абодва яны кіўнулі адзін аднаму. І зноў цішыню парушыла прарэзлівае выццё. Яны прыслухаліся, каб вызначыць кірунак гуку. Ён далятаў аднекуль ззаду, з тых снежных прастораў, якія яны толькі што прайшлі.

Неўзабаве пачулася выццё ў адказ, яно таксама даносілася аднекуль ззаду, але на гэты раз лявей.

— За намі гоняцца, Біл, — сказаў той, што ішоў наперадзе. Голас яго прагучэў хрыпла і ненатуральна і гаварыў ён відавочна цераз сілу.

— Дзічыны мала, — адказаў яго таварыш. — Вось ужо колькі дзён я не бачыў ні аднаго трусінага следу.

Яны змоўклі, але ўсё яшчэ напружана прыслухоўваліся да выцця, якое кожную хвіліну чулася ззаду іх.

Як толькі сцямнела, яны павярнулі сабак да невялікай кучкі хвоек на беразе ракі і зрабілі прывал. Труна, пастаўленая ля агню, з'яўлялася для іх сталом і лаўкай. Збіўшыся ў кучу па другі бок агню, сабакі раўлі