Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Раздзел першы

ПА СЛЯДАХ ЗДАБЫЧЫ

Цёмны хваёвы лес стаяў нахмурыўшыся па абодвух берагах замёрзлай ракі. Вецер, які пранёсся нядаўна, сарваў з дрэў белую намаразь, і ў надыходзячым змроку яны хіліліся адно да аднаго, чорныя і злавесныя. Глыбокая цішыня панавала навокал. Гэта была Глуш — дзікая Паўночная Глуш з абледзянелым сэрцам. І ўсё-ж штосьці жывое рухалася ў ёй і кідала ёй выклік. Па замёрзлай рацэ прабіралася запрэжка ездавых сабак. Ускудлачаная шэрсць іх звінела на марозе, дыханне застывала ў паветры, і клубы пары асядалі ў сабак на скуры, пакрываючы яе крышталамі намаразі. Сабакі былі ў скураной вупражцы, і скураныя пастронкі ішлі ад яе да саней, якія цягнуліся ззаду. Сані без палазоў, з моцнай бярозавай кары, усёй паверхняй ляжалі на снезе. Пярэдняя частка іх была загнута кверху, як скрутак, каб прымінаць мяккі снег, які хваляй узнімаўся перад санямі. На санях стаяла моцна прывязаная доўгая, вузкая скрыня. Былі там і іншыя рэчы: коўдры, сякера, кафейнік і патэльня; але перш за ўсё звяртала на сябе ўвагу доўгая, вузкая скрыня, якая займала большую частку саней.

Наперадзе сабак на шырокіх лыжах з цяжкасцю рухаўся чалавек. За санямі цягнуўся другі. На санях, у скрыні, ляжаў трэці, для якога ўсякая праца была скончана, якога перамагла і знішчыла Паўночная Пустыня, — трэці быў ужо няздольны ні рухацца, ні зма-