Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але не трэба асуджаць хірурга за яго памылку. Усё сваё жыццё яму прыходзілася лячыць і аперыраваць выпешчаных цывілізацыяй людзей — патомкаў многіх далікатных пакаленняў. У параўнанні з Белым Клыкам усе яны здаваліся кволымі і слабымі і ня ўмелі чапляцца за жыццё. Белы Клык быў выхадцам з Лясной Глушы, якая знішчае слабых і нікому не дае літасці. Ні ў яго маткі, ні ў бацькі, ні ў многіх пакаленняў іх продкаў не было і адзнак слабасці. Лясная Глуш узнагародзіла Белага Клыка жалезным арганізмам і жывучасцю, і ён чапляўся за жыццё з усёй упартасцю, якая яшчэ спрадвеку была ўласціва кожнай жывой істоце.

Прыкаваны да свайго месца, не маючы магчымасці нават крануцца з-за гіпсавых павязак і бандажоў. Белы Клык доўгія тыдні змагаўся з хваробай. Ён спаў гадзінамі, бачыў вялікую колькасць сноў, і ў мазгу яго бясконцай чарадой праносіліся вобразы Поўначы. Мінулае ажыло і абступіла Белага Клыка з усіх бакоў. Ён зноў жыў у логаве з Кіч, зноў дрыжучы, падпаўзаў да ног Шэрага Бабра, выказваючы яму сваю пакорлівасць, зноў ратаваўся ўцёкамі ад Ліп-Ліпа і выючай зграі шчанюкоў.

Белы Клык зноў бегаў па маўкліваму лесу, палюючы за дзічынай у доўгія дні голаду; затым ён бачыў сябе на чале запрэжкі, чуў як Міт-Са і Шэры Бобр ляскаюць пугамі і крычаць: «Раа! Раа!» калі сані уязд жаюць у цясніну і запрэжка сціскаецца, як складаны веер, каб праціснуцца па вузкай дарозе. Дзень за днём прайшло перад ім жыццё ў Прыгажуна Сміта і бойкі, у якіх ён удзельнічаў. У гэтыя хвіліны ён скутоліў і рыкаў, і людзі, што сядзелі каля яго, гаварылі, што Беламу Клыку сніцца дрэнны сон.

Але пакутней за ўсё Белага Клыка праследаваў адзін кашмар: яму сніліся страшыдлы-трамваі, якія з грукатам і бразгатам імчаліся на яго, як велізарныя рыкаючыя рысі. Вось Белы Клык ляжыць за кустамі, чакаючы той хвіліны, калі вавёрка адважыцца, нарэшце, сыйсці з дрэва на зямлю. Вось ён прыгае на сваю здабычу. Але вавёрка умомант ператвараецца ў страшны трамвай, які награмаджаецца над ім, як гара, пагражальна вішчыць, грукоча і плюе на яго агнём. Тое-ж самае адбывалася і з ястрабам. Ястраб каменем ляцеў на яго з неба і ператвараўся наляту ўсё ў