Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/198

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сама ляжаў на баку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя, але калі людзі нахіліліся над ім, ён прыпадняў павекі, намагаючыся глянуць уверх, і ледзь крануў хвастом. Уідон Скот патладзіў Белага Клыка, і ў адказ на гэтую ласку той забурчэў. Але бурчэнне прагучэла ледзь чутна і зараз-жа абарвалася. Павекі яго задрыжэлі і заплюшчыліся, усё цела абмякла і выпрасталася на падлозе.

— Дрэнная твая справа, небарака, — прамармытаў гаспадар.

— Ну, гэта мы яшчэ ўбачым, — сказаў суддзя, накіроўваючыся да тэлефона.

— Адкрыта кажучы, у яго адзін шанс на тысячу, — сказаў хірург, які паўтары гадзіны правёў каля Белага Клыка.

Пачало днець, электрычнасць пацямнела. За выключэннем дзяцей, уся сям'я сабралася каля хірурга, каб паслухаць, што ён скажа пра Белага Клыка.

— Пералом задняй нагі, — казаў далей той. — Тры зламаных рэбры, адно з іх прайшло ў лёгкае. Вельмі вялікая страта крыві. Магчыма, што ёсць і іншыя ўнутраныя пашкоджанні, таму што, як відаць, яго тапталі нагамі. Я ўжо не кажу пра тое, што ўсе тры кулі прайшлі навылет. Ды не, адзін шанс на тысячу будзе, мабыць, надта аптымістычна. У яго няма і аднаго на дзесяць тысяч.

— Але нельга траціць і гэтага шансу! — усклікнуў суддзя Скот. — Якіх-бы грошай гэта ні каштавала! Трэба зрабіць прасвечванне, — усё, што трэба будзе... Уідон, тэлеграфіруй зараз-жа ў Сан-Франціско доктару Нікольс. Вы, вядома, разумееце, доктар, што я не сумняваюся ў вашых веданнях, але сабака не павінен траціць ні адной магчымасці.

Хірург спагадліва ўсміхнуўся.

— Зразумела, зразумела! Рабіце ўсё, што вы можаце, — ён гэтага заслугоўвае. За ім трэба даглядаць, як за чалавекам, як за хворым дзіцем... І забывайце пра тэмпературу. Я зайду ў дзесяць гадзін.

Догляд за Белым клыкам быў вельмі добры. Дочкі суддзі з абурэннем адхілілі прапанову выклікаць спрактыкаваную сядзелку і ўзяліся за гэтую справу самі. І Белы Клык вырваў у жыцця той адзіны шанс, у якім яму адмаўляў хірург.