Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

той-жа трамвай. Або Белы Клык бачыў сябе ў загарадцы ў Прыгажуна Сміта. Навокал збіраецца натоўп, і ён ведае, што хутка пачнецца бой. Ён глядзіць на дзверы, чакаючы свайго праціўніка. Дзверы расчыняюцца і страшны трамвай ляціць на яго. Такі сон паўтараўся тысячы разоў, і кожны раз Белы Клык адчуваў усё той-жа жах.

Нарэшце, надышоў час, калі з яго знялі апошнюю гіпсавую павязку, апошні бінт. Гэта быў урачысты дзень. Уся Сіера-Віста сабралася каля Белага Клыка. Гаспадар пачухаў у яго за вухам, а ён пеў сваю бурчліваласкавую песеньку. Жонка гаспадара назвала яго «Неацанімым Ваўком»,-імя гэтае было сустрэнута радаснымі крыкамі, і ўсе жанчыны пачалі называць яго Неацанімым Ваўком.

Ён паспрабаваў падняцца на ногі, але пасля некалькіх дарэмных спроб паваліўся ад слабасці. Хвароба так зацягнулася, што мускулы Белага Клыка страцілі пруткасць і сілу. Белы Клык сароміўся сваёй слабасці, нібы ён быў у нечым вінават перад багамі. І, зрабіўшы гераічнае намаганне, ён стаў на усе чатыры лапы, хістаючыся з аднаго боку ў другі.

— Неацанімы Воўк! — хорам усклікнулі жанчыны.

Суддзя Скот паглядзеў на іх з радасцю.

— Правільна! — сказаў ён. — Я казаў пра гэта ўвесь час. Ні адзін сабака не мог-бы зрабіць таго, што зрабіў ён. Ён — воўк.

— Неацанімы Воўк, — паправіла яго жонка.

— Так, Неацанімы Воўк, згадзіўся суддзя. — І ад гэтага часу я толькі так і буду называць яго.

— Яму прыдзецца нанава вучыцца хадзіць, — сказаў доктар. — Няхай зараз і пачынае. Цяпер ужо можна. Выведзеце яго на двор.

І Белы Клык вышаў на двор, а за ім пачціва ішлі ўсе жыхары Сіера-Вісты. Ён быў вельмі слабы і, дайшоўшы да Лугавіны, лёг на траву і некалькі хвілін ад пачываў. Затым працэсія рушыла далей, і паступова з кожным крокам мускулы Белага Клыка наліваліся сілай, кроў хутчэй і хутчэй пералівалася па жылах. Дайшлі да стайні, і там каля варот ляжала Коллі, а навокал яе гулялі на сонцы шасцёра тоўстых шчанюкоў.

Белы Клык паглядзеў на іх з недаўменнем. Коллі пагражальна зарыкала, і ён палічыў за лепшае тры