Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жывёла, якая мела выгляд чалавека, але тым не менш інакш, як драпежнікам, яе нельга было назваць.

У сан-квенцінскай турме ён лічыўся непапраўным. Ніякае пакаранне не магло зламаць яго ўпартасці. Ён быў здольны біцца да смерці, не памятаючы сябе ад лютасці, але не мог жыць, адмовіўшыся ад барацьбы. Чым больш раз'юшана бунтаваў ён супроць грамадства, тым больш сурова яно абыходзілася з ім, і гэтая суровасць толькі распальвала яго злосць. Вар'яцкая кашуля, голад, пабоі не дасягалі сваёй мэты, а нічога іншага ад жыцця Джым Хол не атрымліваў. Такія адносіны сустракалі яго з самага ранняга дзяцінства, праведзенага ў трушчобах Сан-Франціско, калі Джым Хол быў мяккай глінай, гатовай набыць любую форму ў руках грамадства.

У трэці раз адбываючы свой Тэрмін зняволення ў турме, Джым Хол сустрэў там вартаўніка, які быў зверам не менш, чым ён сам. Вартаўнік абышоўся з ім несумленна, абняславіў перад наглядчыкам, усяляк праследаваў яго, і Джыму перасталі давяраць. Уся розніца паміж імі заключалася толькі ў тым, што вартаўнік насіў пры сабе звязку ключоў і рэвальвер. А Джым Хол меў у сваім распараджэнні толькі голыя рукі і зубы. Але аднаго разу ён скочыў на вартаўніка і ўчапіўся зубамі яму ў горла, як гэта робяць дзікія звяры у лясным гушчары.

Пасля гэтага Джыма Хола перавялі ў камеру для непапраўных злачынцаў. Ён пражыў у ёй тры гады. Падлога, сцены столь камеры былі абіты жалезам. За ўвесь гэты час ён ні разу не вышаў з яе, ні разу не ўбачыў неба і сонца. Замест дня у камеры былі змрок, замест ночы-чорная цішыня. Джым Хол быў жывым пахаваны ў жалезнай магіле. Ён не бачыў чалавечага твара, не мог загаварыць ні з адной жывой істотай. Калі яму прасоўвалі ежу, ён рыкаў, як дзікі звер. Ён ненавідзеў увесь свет. Ён мог выць ад лютасці дзень за днём, ноч за ноччу, потым замаўкаў на цэлыя тыдні і месяцы, не вымаўляў ні гуку ў гэтай чорнай цішыні, што пранікала яму ў самую душу.

А затым неяк уначы ён уцёк. Даглядчык запэўняў, што гэта нямысліма, але тым не менш камера была пустая, а на парозе яе ляжаў забіты вартаўнік. Яшчэ два трупы адзначалі яго дарогу праз турму да зна