Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пасля гэтага выпадку жыхары Сіера-Вісты пачалі адносіцца да Белага Клыка яшчэ лепш, і нават конюх, якому ён пакусаў руку, прызнаў, што Белы Клык разумны сабака, хоць і падобны на ваўка.

Суддзя Скот усё яшчэ настойваў на сваім пункце гледжання і, на агульнае нездавальненне, прыводзіў у выглядзе доказаў уласнай праваты апісанні і табліцы, узятыя з энцыклапедыі і розных кніг па прыродазнаўству.

Дні ішлі адзін за адным. Даліна Санта-Клара купалася ў сонечных праменнях. Але як толькі дні зрабіліся карацейшымі з набліжэннем зімы, другой яго зімы на Поўдні, Белы Клык зрабіў дзіўнае адкрыццё: зубы Коллі перасталі быць такімі вострымі яе гуллівыя, лёгкія ўкусы ўжо не рабілі яму болю. Белы Клык забыў той час, калі Коллі атручвала яму жыццё, і, з важным выглядам, адказваў на ўсе яе ўвіванні.

Аднойчы Коллі пабегла па лузе, вабячы Белага Клыка за сабой у лес. Гаспадар збіраўся пакатацца конна з раніцы, і Белы Клык ведаў аб гэтым. Асядланы конь стаяў ля пад'езда. Белы Клык хістаўся. Ён адчуў у сабе нешта, што было мацней закона, мацней усіх звычак, мацней любові да гаспадара, мацней волі да незалежнасці; і калі Коллі куснула яго і пабегла прэч, ён пакінуў сваю нерашучасць, павярнуўся і пайшоў за ёй. У гэты дзень гаспадар ездзіў адзін, а Белы Клык бегаў у лесе побач з Коллі, таксама як многа год таму назад яго маці Кіч бегала з Аднавокім у маўклівым паўночным гушчары.

Раздзел пяты

ДРЭМЛЮЧЫ ВОЎК

Прыблізна ў гэты час газеты застракацелі паведамленнямі аб смелым уцёку аднаго са зняволеных у санквенцінскай турме. Гэты чалавек славіўся сваёй лютасцю. Ён быў пакалечан жыццём з самага нараджэння, а грамадства нічым не дапамагло яму. Злачынца гэты з'яўляўся надзвычайным прыкладам таго, у што можа ператварыцца чалавечы матэрыял, які трапіў у бязлітасныя рукі грамадства. Гэта была жывёла, — праўда,