Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Усё-ж я ніколі не перастану баяцца за дзяцей, калі яны круцяцца каля Белага Клыка, — сказала яна. — Толькі таго і чакаю, што ў адзін прыгожы дзень ён накінецца на іх.

Белы Клык з лютым брэхам выскачыў з кутка, зваліўшы хлопчыка і дзяўчынку з ног. Маці паклікала іх да сябе, угаварваючы пакінуць Белага Клыка ў спакоі.

— Воўк заўсёды астанецца ваўком, — заўважыў суддзя Скот. — Яму нельга верыць да канца.

— Але ён не сапраўдны воўк, — умяшалася Бэт, становячыся на бок адсутнага брата.

— Ты пакладаешся на словы Уідона, — запярэчыў суддзя. — Ён думае, што ў Белым Клыку ёсць сабачая кроў, але дакладна яму нічога невядома. А што датычыцца знадворнага выгляду Белага Клыка...

Суддзя не скончыў фразы. Белы Клык спыніўся перад ім і люта забурчэў.

— Пайшоў на месца! На месца! — загадаў яму суддзя Скот.

Белы Клык павярнуўся да жонкі гаспадара. Яна спалохана ўскрыкнула, калі ён схапіў яе зубамі за сукенку і пацягнуў да сябе, разарваўшы лёгкую матэрыю.

Тут ужо Белы Клык быў цэнтрам агульнай увагі. Ён перастаў бурчэць і стаяў, падняўшы галаву і ўглядаючыся ў твары людзей. Горла яго падзёргвалася сударгай, але з яго не вырывалася ні аднаго гуку. Белы Клык напружваўся усім целам, намагаючыся вызваліцца ад таго, што рвалася ў ім напаверх і не знаходзіла сабе выхаду.

— Трэба спадзявацца, што ён не ашалеў, — сказала маці Уідона. — Я казала Уідону, што паўночны сабака не перанясе цёплага клімату.

— Па-мойму, ён хоча сказаць нешта, — усклікнула Бэт.

У гэты момант Белы Клык набыў здольнасць мовы і пачаў аглушальна брахаць.

— Нешта здарылася з Уідонам, — з упэўненасцю сказала жонка Скота.

Усе ўскочылі на ногі, а Белы Клык збег па прыступках, азіраючыся назад, нібы запрашаючы людзей ісці за сабой. Ён брахаў другі і апошні раз у жыцці і дабіўся таго, што яго зразумелі.