Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сачыў за імі з узрастаючай трывогай і пад канец, не маючы больш сіл стрымліваць сябе, падскочыў да каня і злосна і пагражальна забрахаў на яго.

Пасля гэтага выпадку ён часта спрабаваў брахаць, і гаспадар заахвочваў гэтыя спробы, але брэх удаўся ў яго толькі раз, прычым гаспадара ў гэты час не было паблізу. Прычынай да брахання з'явіліся наступныя падзеі: гаспадар імчаўся галопам па полі, як рантам конь кінуўся ўбок, спалохаўшыся выскачыўшага з-пад самых яго ног труса, спатыкнуўся, гаспадар выскачыў з сядла і зламаў нагу. Белы Клык аж ашалеў і хацеў ўчапіцца правініўшамуся каню ў горла, але вокрык гаспадара спыніў яго.

— Дамоў! Пайшоў дамоў! — загадаў Скот, пераканаўшыся, што нага зломана.

Белы Клык не жадаў пакідаць яго аднаго. Гаспадар хацеў напісаць запіску, але ні алоўка, ні паперы ў шэнях не было. Тады ён зноў загадаў Беламу Клыку адпраўляцца дамоў.

Белы Клык тужліва паглядзеў на яго, зрабіў некалькі крокаў, вярнуўся і ціха заскуголіў. Гаспадар загаварыў з ім ласкавым, але сур'ёзным тонам; ён натапырыў вушы, з надзвычайным напружаннем услухоўваючыся ў словы.

— Не бянтэжся, старыкан, ідзі дамоў, казаў далей гаспадар. — Ідзі дамоў і раскажы там, што здарылася. Дамоў, воўк, дамоў!

Белы Клык ведаў словы «дамоў» і, не разумеючы астатняга, усё-ж здагадаўся, аб чым гаворыць гаспадар. Ён павярнуўся і няхочучы пабег. Затым спыніўся ў нерашучасці і глянуў праз плячо на гаспадара.

— Дамоў! — пачуўся рэзкі загад, і на гэты раз Белы Клык паслухаўся.

Калі ён падбег к дому, усе сядзелі на тэрасе, цешачыся вячэрняй прахладай. Белы Клык быў увесь у пылу, і цяжка дыхаў.

— Уідон вярнуўся, — сказала жонка суддзі.

Дзеці сустрэлі Белага Клыка радаснымі крыкамі і кінуліся яму насустрач. Ён услізнуў ад іх і прашоў праз усю тэрасу, але Уідон і Мод загналі яго ў куток паміж качалкай і поручамі. Ён зароў і паспрабаваў пралезці паміж дзецьмі. Маці спалохана паглядзела на іх.