Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ад сябе Белага Клыка, а воўк, што жыў у ім, толькі задрамаў на час.

Белы Клык ніколі не сябраваў з сабакамі. Ён заўсёды жыў у адзіноцтве, паколькі справа датычыла яго сабратаў, і меў намер жыць так і далей. З першых год свайго жыцця, засмучаных праследаваннямі Ліп-Ліпа і ўсёй стаі шчанюкоў, і за час прабывання ў Прыгажуна Сміта Белы Клык эненавідзеў сабак. Жыццё яго ўхілілася ад нармальнага цячэння, і ён зблізіўся з чалавекам, аддаліўшыся ад сваіх суродзічаў.

Апрача таго, сабакі на Поўдні адносіліся да Белага Клыка з вялікай падазронасцю. Ён выклікаў у іх інстынктыўны страх перад Лясной Глушшу, і яны сустракалі яго злосным брэхам, бурчэннем і нянавісцю. Ён-жа са свайго боку зразумеў, што пускаць у ход зубы зусім неабавязкова. Вышчараныя клыкі і злосна ўздрыгваючыя губы дзейнічалі беспамылкова і амаль заўсёды спынялі разбрахаўшагася сабаку.

Але жыццё паслала Беламу Клыку выпрабаванне ў асобе Коллі. Коллі не давала яму ні хвіліны спакою. Закон не меў для яе такую-ж нязменную сілу, як для Белага Клыка, і яна працівілася ўсім спробам гаспадара завязаць паміж імі дружбу. Яе злосны, раздражнены рык неадчэпна праследаваў Белага Клыка. Коллі не магла дараваць яму гісторыю з курамі і была цвёрда ўпэўнена у злачынстве ўсіх яго намераў. Яна знаходзіла віну там, дзе яе яшчэ і не было. Яна атручвала Беламу Клыку існаванне, ходзячы за ім па пятах, як паліцэйскі, і варта было яму толькі кінуць цікаўны позірк на голуба або куранё, як Коллі пачынала разюшана, абурліва брахаць. Улюбёны спосаб Белага клыка адчапіцца ад Коллі заключаўся ў тым, што ён клаўся на зямлю, паклаўшы галаву на пярэднія лапы, і прытвараўся што спіць. Гэта заўсёды прымушала яе замаўчаць.

За выключэннем непрыемнасцей з Коллі, усё астатняе ішло гладка. Белы Клык навучыўся стрымліваць сябе, цвёрда засвоіў законы. У характары яго з'явіліся станоўчасць, спакой, філасофская цярплівасць. Навакольная абстаноўка перастала быць варожай у адносінах да яго. Прадчуванне небяспекі, страх болю і смерці ўжо не трывожылі Белага Клыка. Паступова