Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыцягваў да сябе. Людзі спыняліся, глядзелі, паказвалі на яго адзін аднаму пальцамі, разглядалі з усіх бакоў, загаварвалі з ім і, што было горш за ўсё, чапалі Белага Клыка рукамі. Прыходзілася цярпліва зносіць дакрананне чужых рук, але Белы Клык ужо паспеў запасціся цярплівасцю. Ён здолеў нават перамагчы сваю нязграбную сарамлівасць і з пагардлівым выглядам прымаў усе знакі ўвагі, якія ўдзялялі яму незнаёмыя багі. Яны спагадліва адносіліся да яго, і ён адказваў ім тым-жа. І ўсё-ж у Белым Клыку было нешта такое, што перашкаджала надта фамілярнаму абыходжанню з ім. Прахожыя гладзілі яго па галаве і адпраўляліся далей, вельмі задаволеныя ўласнай смеласцю.

Але Беламу Клыку не заўсёды ўдавалася адчапіцца так лёгка. Калі каляска праязджала ваколіцамі Сан-Хозе, хлапчукі, што пападаліся на дарозе, сустракалі яго каменнямі. Белы Клык ведаў, што дагнаць іх і адтрапаць як належыць нельга. Прыходзілася рабіць наперакор інстынкту самазахавання; і Белы Клык, які рабіўся ручным, цывілізаваным сабакам, заглушаў у сабе голас інстынкта.

І ўсё-ж такое становішча спраў не зусім задавальняла яго. Праўда, ён не мог мець адцягненага ўяўлення аб бесстараннасці і сумленнасці, але кожная жывая істота да пэўнай ступені мае пачуццё справядлівасці, і Беламу Клыку цяжка было прымірыцца з тым, што ён не можа абараніць сябе ад гэтых хлапчукоў. Ён забыў, што дагавор, заключаны паміж ім і багамі, абавязваў іх клапаціцца аб ім і ахоўваць яго жыццё. Але неяк аднаго разу гаспадар выскачыў з каляскі з бізуном у руках і як належыць правучыў хлапчукоў. Пасля гэтага яны ўжо не кідаліся каменнямі, і Белы Клык зразумеў, у чым справа, і адчуў поўнае задавальненне.

Неўзабаве яму прышлося перанесці другі падобны выпадак. Каля салуна, міма якога Беламу Клыку прыходзілася прабягаць па дарозе ў горад, заўсёды сланяліся тры сабакі, якія ўзялі сабе за правіла кідацца на Белага Клыка. Ведаючы, чым канчаюцца ўсе яго бойкі з сабакамі, гаспадар няспынна паўтараў Беламу Клыку закон, які забараняе бойкі. Белы Клык добра засвоіў гэты ўрок і таму, прабягаючы міма салуна, за-