Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

самае адносілася і да кошак. Адкрыта кажучы, пасля першага азнаямлення з гэтым законам у яго стварылася такое ўражанне, што ўсе жывыя істоты — недакранальны. Перапёлка магла ўзляцець на лузе ў яго з-пад самага носа і адлятала цэлай. Белы Клык дрыжэў усім целам ад нецярпення, але ўсё-ж уціхамірва у сабе інстынктыўнае жаданне схапіць птушку і не кранаўся з месца. Ён пакарыўся волі багоў.

Аднойчы яму прышлося ўбачыць, як Дзік узагнаў на лузе за домам труса. Гаспадар глядзеў, як Дзік гоніцца за ім, але не ўмешваўся. Больш таго, ён падбухторваў Белага Клыка далучыцца да пагоні. Такім чынам Белы Клык даведаўся, што забарона не пашыраецца на трусоў. Нарэшце ён засвоіў закон цалкам. З хатнімі жывёламі трэба жыць у міры. Калі дружба в імі не наладжваецца, то ва ўсякім выпадку трэба падтрымліваць нейтралітэт. Але іншыя жывёлы — вавёркі, перапёлкі і трусы, якія не парвалі сувязі з Лясной Глушшу і не пакарыліся чалавеку, былі законнай здабычай кожнага сабакі. Багі абаранялі толькі ручных жывёл і не дазвалялі ім жыць у варожасці паміж сабой. Багі былі ўладарны ў жыцці і смерці сваіх падданых і старанна ахоўвалі гэтую ўладу.

Жыццё у Сіера-Вісце было вельмі складанае ў параўнанні з прастатой жыцця на Поўначы. Цывілізацыя патрабавала ад Белага Клыка перш за ўсё кантролю над сабой, вытрыманасці, ураўнаважанасці, неасязальнай, як павуцінка, і ў той-жа час цвёрдай як сталь. Жыццё тут было тысячалікае, і Белы Клык судакранаўся з ім ва усёй яго рознастайнасці. Так, яму прыходзілася бегчы ўслед за каляскай па гораду або сноўдацца па вуліцах чакаючы гаспадара, жыццё цякло міма яго глыбокім, неабсяжным патокам, няспынна патрабуючы імгненнага прыстасавання да сваіх законаў і амаль заўсёды прымушаючы Белага клыка заглушаць у сабе ўсе прыродныя парывы.

У горадзе ён бачыў мясныя крамы, у якіх зусім на віду вісела мяса. Але чапаць яго не дазвалялася. У дамах, куды заходзіў гаспадар, былі кошкі, якіх таксама трэба было пакідаць у спакоі. А сабакі сустракаліся ўсюды, і біцца з імі было нельга, хоць яны і раўлі на яго. Апрача таго, на тратуарах безлічная колькасць людзей хадзіла ўзад і ўперад, увагу якіх ён