Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кідаўся за птушкай, голас гаспадара спыняў яго. Такім чынам ён зразумеў закон і тут-жа, не выходзячы з птушынага двара, навучыўся зусім ігнараваць прысутнасць курэй.

— Такія паляўнічыя на курэй непапраўны, — сумна ківаючы галавой, сказаў за снеданнем суддзя Скот, выслухаўшы расказ сына аб уроку, які даў яму Белы Клык. — Варта ім толькі ўнадзіцца і пакаштаваць смак крыві... — і ён зноў з сумам паківаў галавой,

Але Уідон Скот не згаджаўся з бацькам.

— Ведаеш, што я зраблю? — сказаў ён, нарэшце. — Я замкну Белага Клыка ў куратніку на цэлы дзень.

— Што-ж будзе з курамі! — запярэчыў бацька.

— Больш таго, — казаў далей сын: — за кожную задушаную курыцу я плачу залаты долар.

— Няхай і папа таксама заплоціць які-небудзь штраф, — умяшалася Бэт.

Сястра падтрымала яе, і ўсе, што сядзелі за сталом, хорам ухвалілі гэтую прапанову.

— Добра! — Уідон Скот на хвіліну задумаўся. — А калі к канцу дня Белы Клык не зачэпіць ніводнага кураняці, за кожныя дзесяць хвілін, праведзеныя ім на птушыным двары, ты скажаш яму зусім сур'ёзным і ўрачыстым голасам, як у сябе ў судзе ў часе абвяшчэння прыгавору: «Белы Клык, ты разумнейшы, чым я думаў».

Выбраўшы такое месца, дзе Белы Клык не мoг іх бачыць, уся сям'я прыгатавалася назіраць за падзеямі. Але ўсе чаканні былі дарэмныя. Як толькі гаспадар пакінуў двор, Белы Клык лёг і заснуў. Адзін раз ён устаў і падышоў да карыта напіцца. На курэй ён не звяртаў ніякай увагі,-яны для яго не існавалі. У чатыры гадзіны ён разбегся, скочыў на дах куратніка, саскочыў на зямлю па другі бок і з заклапочаным выглядам пабег дадому. Ён зразумеў закон.

І суддзя Скот на вялікую радасць усёй сям'і, што сабралася на тэрасе, урачыстым голасам сказаў шаснаццаць разоў адзін за адным:

«Белы Клык, ты разумнейшы, чым я думаў».

Але разнастайнасць законаў вельмі часта збівала Белага Клыка з панталыку і кідала яго ў няміласць. Трэба было цвёрда ўразумець сабе, што курэй, якія належаць іншым багам, таксама нельга чапаць. Тое-ж