Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

іх вачах існаванне Белага Клыка ўжо апраўдвалася тым фактам, што багі дазволілі яму ўвайсці ў сваё жыллё. Да гэтага часу ім ніколі ў жыцці не даводзілася сустракацца з ваўком, але раз баті дапусцілі яго да сябе, сабакам не аставалася нічога іншага, як пакарыцца.

На першых парах адносіны Дзіка да Белага Клыка не маглі не быць некалькі нацягнутымі, але неўзабаве ён прымірыўся з ім, як з неад'емнай прыналежнасцю Сіера-Bісты. Калі-б усё залежала ад аднаго Дзіка, яны-б былі сябрамі, але Белы Клык не адчуваў неабходнасці ў дружбе. Ён патрабаваў ад сабак, каб яны пакінулі яго ў спакоі. Усё жыццё ён трымаўся асобна ад сваіх сабратоў і не меў ніякага жадання нарушаць цяпер гэты парадак рэчаў. Дзік дакучаў яму сваімі чапленнямі, і ён, рыкаючы, праганяў яго прэч. Яшчэ на Поўначы Белы Клык зразумеў, што сабак гаспадара чапаць нельга і не забываў гэтага ўроку і тут. Але ён прадаўжаў настойваць на сваёй адасобленасці і замкнутасці і да такой ступені ігнараваў Дзіка, што гэтая добрадушная істота пакінула ўсе свае спробы завязаць дружбу з Белым Клыкам і нарэшце ўдзяляла яму ўвагі не больш, чым конавязі каля стайні.

Але з Коллі справа была некалькі іншая. Прымірыўшыся з тым, што прысутнасць ваўка санкцыянавана багамі, яна ўсё-ж не бачыла ніякіх прычын для таго, каб зусім пакінуць яго ў спакоі. У памяці ў Коллі былі безлічныя злачынствы, зробленыя ім і яго сабратамі супроць яе продкаў. Знішчаныя аўчарні нельга было забыць ні за адзін дзень, ні за цэлае пакаленне. Яны заклікалі да помсты. Коллі не асмельвалася нарушыць волю багоў, што дазволілі Беламу Клыку быць сярод іх, але гэта не перашкаджала ёй атручваць яму жыццё. Паміж імі была векавая варожасць, і Коллі паставіла сабе за мэту няспынна напамінаць аб гэтым Беламу Клыку.

Скарыстаўшы перавагі свайго пола, яна ўсяляк надакучала і праследавала яго. Інстынкт не дазваляў Беламу Клыку нападаць на Коллі, але з другога боку, ён не мог аставацца абыякавы да яе настойлівых прычэпак. Калі аўчарка кідалася на яго, ён падстаўляў пад яе вострыя зубы сваё плячо, заросшае густой шэрсцю,