Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Багі падняліся на прыступкі. Белы Клык ішоў за гаспадаром па пятах. Дзік забурчэў з тэрасы; Белы Клык натапырыўся і адказаў яму тым-жа.

— Увядзіце Коллі у дом, а гэтыя двое няхай паб'юцца, — запрапанаваў бацька Скота. — Пасля бойкі яны будуць сябрамі.

— Тады Беламу Клыку прыдзецца выступіць у ролі галоўнага плакальшчыка на пахаванні, каб даказаць сваю дружбу, — засмяяўся гаспадар.

Бацька недаверліва паглядзеў спачатку на Белага Клыка, потым на Дзіка, і нарэшце на сына..

— Ты думаеш, што?..

Уідон кіўнуў галавой.

— Вось іменна. Ваш Дзік адправіцца на той свет праз хвіліну, самае большае — праз дзве.

Ён павярнуўся да Белага Клыка.

— Пойдзем, воўк. Відаць, табе прыдзецца ўвайсці у дом.

Белы Клык нязграбна падняўся па прыступках і прайшоў на тэрасу, задраўшы хвост, не зводзячы настарожаных вачэй з Дзіка і ў той-жа самы час рыхтуючыся да любой нечаканасці, якая можа сустрэць яго ў доме. Але нічога страшнага там не было. Увайшоўшы ў пакоі, Белы Клык старанна агледзеў іх, усё яшчэ падазраючы нейкую небяспеку і не знаходзячы яе. Затым ён улёгся з задаволеным бурчэннем ля ног гаспадара, не перастаючы сачыць за ўсім, што адбывалася навокал, і рыхтуючыся кожную хвіліну ўскочыць з месца і ўступіць у бойку з тымі жахамі, якія, як ён думаў, хаваюцца пад дахам гэтага жылля.

Раздзел трэці

УЛАДАННІ БОГА

Пераезды з аднаго месца на другое толькі развілі ў Белым Клыку умеласць прыстасоўвацца да навакольнай абстаноўкі, падараваную яму прыродай, і ўмацавалі ў ім усведамленне неабходнасці такога прыстасавання. Ён хутка звыкся з жыццём у Сіера-Віста — так называўся маёнтак суддзі Скота. Ніякіх сур'ёзных непаразуменняў з сабакамі больш не было. Тут, на Поўдні, сабакі зедалі звычаі сваіх багоў лепш, чым ён, і ў