Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І тут, у гэтым крамешным пекле, гаспадар пакінуў Белага Клыка, — прынамсі, Белы Клык лічыў сябе пакінутым да таго часу, пакуль не адчуў побач з сабой дарожных рэчаў гаспадара, і стаў на варту каля іх.

— У час прышлі, — прамармытаў гаспадар вагона, калі праз гадзіну ў дзвярах з'явіўся Уідон Скот. — Гэты сабака не даў мне дакрануцца да вашага дабра.

Белы Клык выбраўся з вагона. Ён быў здзіўлен. Кашмар скончыўся. Уваходзячы ў вагон, Белы Клык палічыў яго за пакой у доме, які з усіх бакоў быў акружан горадам. Але за гэтую гадзіну горад знік. Грукат ужо не лез яму ў вушы. Перад Белым Клыкам расцілалася вясёлая, залітая сонцам, краіна. Але здзіўляцца гэтай перамене не было калі. Белы Клык прыняў яе, як прымаў усе цуды, што спадарожнічалі кожнаму кроку багоў.

Іх чакала каляска. Да гаспадара падышлі мужчына і жанчына. Жанчына працягнула рукі і абняла гаспадара за шыю — варожае дзеянне! У наступную-ж хвіліну Уідон Скот вырваўся з абдымкаў і схапіў Белага Клыка, які зарыкаў, як разлютаваны д'ябал.

— Нічога, мама!-казаў Скот, не адпускаючы Белага Клыка і стараючыся заспакоіць яго. — Ён думаў, што ты хочаш мяне пакрыўдзіць, а гэтага рабіць не дазваляецца. Нічога, нічога. Ён хутка зразумее.

— А тым часам я змагу выказваць сваю любоў да сына толькі тады, калі яго сабакі не будзе паблізу, — засмяялася маці, хоць твар яе пабялеў ад спалоху.

Жанчына паглядзела на Белага Клыка, які ўсё яшчэ рыкаў і, ўвесь натапырыўшыся, злосна пазіраў на яе.

— Ён хутка зразумее, вось убачыце, — сказаў Скот.

Ён пачаў ласкава гаварыць з Белым Клыкам і, канчаткова супакоіўшы яго, сказаў строгім голасам:

— Ляжаць! Табе кажуць!

Беламу Клыку ўжо былі знаёмы гэтыя словы, і ён паслухаўся загаду, хоць выканаў яго неахвотна і з сярдзітым выглядам.

— Ну, мама!

Скот працягнуў рукі, не зводзячы вачэй з Белага Клыка.

— Ляжаць! — крыкнуў ён яшчэ раз.