Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Белы Клык натапырыўся, прыўстаў, але зараз-жа апусціўся на месца, не перастаючы назіраць за паўтарэннем гэтых варожых дзеянняў. Аднак, ні жанчына, ні незнаёмы бог, што абняў услед за ёй гаспадара, не прынеслі яму ніякай шкоды. Паклаўшы рэчы, незнаёмыя і гаспадар селі ў каляску, а Белы Клык пайшоў за ёй, час ад часу падбягаючы блізка да коней і натапырваючыся, нібы папярэджваючы іх, што ён не да зволіць зрабіць ніякай шкоды богу, якога яны так хутка везлі па дарозе.

Праз чвэрць гадзіны каляска уехала ў каменныя вароты і пакацілася па алеі, што была абсаджана густым арэшнікам. За алеяй з абодвых бакоў расцілаліся лугавіны, на якіх дзе-ні-дзе ўзвышаліся магутныя дубы. Падстрыжаная зелень лугавін кантрастыравала з залаціста-карычневымі палямі, выпаленымі сонцам; яшчэ далей былі відаць бурыя ўзгоркі і пашы. Пасярэдзіне лугавіны на невысокім узгорку стаяў дом з вялікай верандай і мноствам акон.

Але Белы Клык не паспеў як належыць разгледзець яго. Ледзь толькі каляска уехала ў алею, як на яго з палаючымі ад абурэння і злосці вачыма наляцела аўчарка. Белы Клык апынуўся адрэзаным ад гаспадара. Увесь натапырыўшыся, ён прыгатаваўся нанесці ёй знішчальны ўдар, але ўдару гэтага так і не адбылося. Белы Клык спыніўся на поўдарозе, як укопаны, і сеў на заднія лапы, стараючыся ў што-б там ні стала ўнікнуць дакранання з сабакам, якога з хвіліну таму назад ён хацеў зваліць з ног. Гэта была самка, а закон яго пароды ахоўваў яе ад такіх нападаў. Напасці на самку значыла-б для Белага Клыка не больш, не менш, як пайсці супроць голасу інстынкта.

Але самка не мела такога інстынкту. Наадварот, будучы аўчаркай, яна адчувала несвядомы страх перад Лясной Глушшу, і перад ваўком у асаблівасці. Белы Клык быў для яе ваўком, спрадвечным ворагам, што грабіў стада яшчэ ў тыя далёкія часы, калі першая авечка была даручана клопатам яе аддаленага продка. І таму, як толькі Белы Клык спыніўся, адмаўляючыся давесці да канца свой напад, аўчарка сама кінулася на яго. Ён мімаволі зарыкаў, адчуўшы, як вострыя зубы самкі ўядаюцца яму ў плячо, але ўсё-ж не укусіў яе,