— Ну, цяпер рыкай, нягоднік, рыкай, — сказаў ён, гладзячы Белага Клыка і пачухваючы яму прыціснутыя да галавы вушы.
Раздзел другі
НА ПОЎДНІ
Белы Клык сышоў з парахода у Сан-Франціско. Ён быў надзвычай здзіўлен. І ніколі яшчэ белыя людзі не здаваліся яму такімі цудадзеямі, як зараз, калі ён ішоў па слізкіх тратуарах Сан-Франціско. Замест знаёмых хацін з бярвенняў па баках узнімаліся велізарныя будынкі. Вуліцы былі поўныя ўсякага роду небяспеку фургонаў, цялежек, аўтамабіляў; велізарныя коні ледзь цягнулі нагружаныя павозкі, а па самай сярэдзіне рухаліся грандыёзныя трамваі, несупынна пагражаючы Беламу Клыку прарэзлівым гучэннем і бразгатам, якія нагадвалі віск рысі, з якой яму прыходзілася сустракацца ў паўночных лясах.
Усё навокал казала аб магутнасці. За ўсім гэтым адчувалася прысутнасць уладарнага чалавека, які ўстанаўляў сваё панаванне над светам рэчаў. Белы Клык быў ашаломлены і падаўлены гэтым здзіўляючым відовішчам. Яму зрабілася страшна. Усведамленне ўласнай нікчэмнасці ахапіла гордага, жыццерадаснага сабаку, нібы ён зноў ператварыўся ў шчанюка, што прыбег з Лясной Глушы да пасёлка Шэрага Бабра. А колькі багоў тут было! Галава кружылася бачачы гэтае людское зборышча. У вушах звінела ад вулічнага грукату. Белы Клык прышоў у замяшанне ад няспыннага патоку і мільгання рэчаў. Ён адчуваў, як ніколі, сваю залежнасць ад таспадара і ішоў за ім па пятах, не губляючы яго з вачэй.
Але горад праімчаўся кашмарам, і ўспаміны аб ім доўгі час праследавалі Белага Клыка, як дрэнны, недарэчны сон. У гэты-ж дзень гаспадар прывязаў яго на ланцуг у кутку багажнага вагона, сярод кучы чамаданаў і сундукоў. Тут распараджаўся прысадзісты, каранасты бог, які з грукатам перастаўляў сундукі і чамаданы, уцягваў іх у вагон, навальваў кучамі або з трэскам шпурляў за дзверы, дзе іх падбіралі іншыя багі.