Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЯТАЯ

Раздзел першы

У ДАЛЁКУЮ ДАРОГУ

Гэта насілася ў паветры. Белы Клык адчуваў бяду яшчэ задоўга да таго, як яна дала ведаць аб сваім набліжэнні. Вестка аб надыходзячай перамене нейкімі невядомымі шляхамі дайшла да яго свядомасці. Прадчуванне ўзнікла ў ім па віне багоў, хоць ён і не мог ясна ўявіць сабе, як і чаму гэта здарылася. Самі таго не падазраваючы, багі выдалі свае намеры сабаку, які ўжо не пакідаў гачку і, нават не ўваходзячы ў пакой, ведаў, што людзі нешта задумляюць.

— Паслухайце! — сказаў аднаго разу за вячэрай паганяты.

Уідон Скот прыслухаўся. З-за дзвярэй даносіўся ціхі трывожны віск, які быў падобны хутчэй на стрымліваемы плач. Затым было чутна, як Белы Клык абнюхвае дзверы, жадаючы пераканацца ў тым, што бог яго ўсё яшчэ тут, а не знік таямнічым чынам, як у мінулы раз.

— Я думаю, ён адчувае, у чым справа, — сказаў паганяты.

Уідон Скот амаль упрашальна глянуў на Мэта, але словы яго не адпавядалі выражэнню вачэй.

— На якое ліха мне воўк у Каліфорніі? — запытаў ён.

— Я тое-ж самае думаю, адказаў Мэт. — На якое ліха вам воўк у Каліфорніі?