Навучыўшыся прыціскацца да гаспадара галавой, Белы Клык часта скарыстоўваў гэты новы спосаб выказвання сваіх пачуццяў. Гэта была мяжа, далей якой ён не мог ісці. Галаву сваю ён засцерагаў больш за ўсё і не мог сцярпець, калі да яе хто-небудзь дакранаўся. Гэтым інстынктыўным страхам перад боем, перад пасткай узнагародзіла яго Лясная Глуш. Інстынкт патрабаваў, каб галава аставалася свабоднай. А цяпер, прыціскаючыся да гаспадара, Белы Клык па ўласнай волі ставіў сябе ў бездапаможнае становішча. Ён выказваў гэтым бязмежную веру і абсалютную пакорлівасць, нібы кажучы гаспадару: «Аддаю сябе ў Твае рукі. Рабі са мной, што хочаш».
Аднойчы ўвечары, неўзабаве пасля свайго звароту, Скот гуляў з Мэтам у Крыбэдж, перад тым як легчы спаць.
— Пятнаццаць і два, пятнаццаць і чатыры, і яшчэ двойка — ўсяго шэсць, — падлічваў Мэт, як раптам са двара пачуліся крыкі і рык.
Пераглянуўшыся, яны ўскочылі на ногі.
— Воўк накінуўся на некага, — сказаў Мэт.
Страшэнны лямант жаху прымусіў іх кінуцца да дзвярэй.
— Прынясіце лямпу! — крыкнуў Скот, выбягаючы на ганак.
Мэт пайшоў за ім з лямпай у руках, і пры яе асвятленні яны ўбачылі чалавека, які дагары ляжаў на снезе. Ён закрываў твар і шыю рукамі, спрабуючы абараніцца ад зубоў Белага Клыка, і гэта была не лішняя засцярога. Разлютаваны да апошняга, Белы Клык стараўся ў што-б там ні было дабрацца зубамі да яго горла. Ад рукавоў курткі, сіняй фланелевай блузы і сподняй кашулі асталіся адны клоччы, а рукі ляжаўшага чалавека былі страшэнна пакусаныя залітыя крывёй. Скот і паганяты разгледзелі ўсё гэта ў адну секунду. Затым Скот схапіў Белага Клыка за шыю і адцягнуў назад. Белы Клык рваўся з рыкам, але не кусаў гаспадара і пасля рэзкага вокрыку хутка супакоіўся.
Мэт дапамог чалавеку ўстаць на ногі. Падымаючыся, той адняў рукі ад твара, і Мэт убачыў звярыную фізіяномію Прыгажуна Сміта. Паганяты адскочыў ад