скочыў яму насустрач, але зараз-жа падышоў. Рухі яго скоўвала сарамяжлівасць, але ў вачах з'явілася незвычайнае выражэнне. Глыбокае пачуццё любві засвяцілася ў іх.
— Ён ні разу на мяне так не глянуў, пакуль вас не было, — сказаў Мэт.
Але Уідон Скот не чуў. Прысеўшы на кортачкі перад Белым Клыкам, ён лашчыў яго — чухаў яму за вушамі, гладзіў шыю і плечы, пяшчотна пахлопваў пальцамі па спіне. А Белы Клык ціха бурчэў у адказ, і мяккія ноткі чуліся ў яго бурчэнні ясней, чым раней. Але гэта было не усё. Радасць дапамагла знайсці выхад глыбокаму пачуццю якое рвалася вонкі. Белы Клык раптам выцянуў шыю і сунуў галаву паміж рукой і бокам гаспадара. І, схаваўшы яе так, што былі відаць толькі адны вушы, перастаў бурчэць і прыціскаўся да гаспадара ўсё цясней і цясней.
Мужчыны пераглянуліся. У Скота блішчэлі вочы.
— Ах, чорт вазьмі! — усклікнуў здзіўлены Мэт.
Затым, апамятаўшыся хвілінай пазней ад здзіўлення, дадаў:
— Я заўсёды казаў, што гэта не воўк, а сабака. Паглядзіце на яго!
Пасля таго, як звярнуўся гаспадар, Белы Клык хутка паправіўся. У пакоі ён прабыў яшчэ дзве ночы і дзень, затым вышаў на двор. Сабакі ўжо паспелі забыць яго адвагу. Яны памяталі толькі, што за апошні час Белы Клык быў слабы і хворы, і як толькі ён з'явіўся на ганку, сабакі кінуліся на яго з усіх бакоў.
— Ну і бойка! — з задаволеным выглядам прамармытаў Мэт, назіраючы гэтую сцэну з ганка. — Няма чаго з імі цырамоніцца, воўк. Дай ім як належыць. Ну, яшчэ, яшчэ!
Белы Клык не меў патрэбы ў заахвочванні. Прыезду гаспадара было зусім дастаткова. Жыццё-цудоўнае, бурлівае жыццё зноў забілася ў яго жылах. Ён біўся ад радасці, знаходзячы ў бойцы адзіны выхад для сваіх пачуццяў. Канец мог быць толькі адзін. Сабакі разбегліся, пацярпеўшы паражэнні, і вярнуліся зноў толькі тады, як сцямнела, з прыніжаным выглядам заяўляючы Беламу Клыку аб сваёй пакорлівасці