Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Уідон Скот узяў на сябе задачу ўзнагародзіць Белага Клыка за ўсё тое, што яму давялося цярпець. Гэта зрабілася для яго справай прынцыпу, справай сумлення. Ён адчуваў, што людзі асталіся ў даўгу перад Белым Клыкам і доўг гэты трэба выплаціць. І таму Скот стараўся выказаць да Белага Клыка як мага больш пяшчотнасці. Ён узяў сабе за правіла штодзённа і доўга лашчыць і гладзіць Белага Клыка.

На першы час гэтая ласка выклікала ў Белага Клыка адны толькі падазрэнні варожасці, але паступова ён пачаў знаходзіць у ёй прыемнасць. І ўсё-ж ад адной сваёй прывычкі Белы Клык ніяк не мог адвучыцца. Як толькі рука чалавека дакраналася да яго, ён пачынаў бурчэць і не сціхаў да таго часу, пакуль Скот не пакідаў яго ў спакоі. Але ў гэтым бурчэнні з'явіліся ўжо новыя ноткі. Старонні не пачуў-бы іх, для яго бурчэнне Белага Клыка аставалася-б па-ранейшаму выражэннем першабытнай дзікасці, ад якой у чалавека кроў стыне ў жылах. За доўгія гады жыцця, пачынаючы з тых ранніх дзён у логаве, калі першыя прыступы ярасці авалодвалі ваўчанём, горла Белага Клыка атрубела ад рыку, і ён ужо не мог выказаць інакш хваляваўшых яго пачуццяў. Тым не менш, чулае вуха Уідона Скота адрознівала ў злосным бурчэнні Белага Клыка новыя ноткі, якія толькі аднаму яму ледзь чутна гаварылі пра тое, што сабака адчувае прыемнасць.

Час ішоў, і любоў, што ўзнікла з прыхільнасці, усё мацнела і мацнела. Белы Клык сам пачаў адчуваць гэта, хоць і несвядома. Любоў давала ведаць аб сабе адчуваннем пустаты, якая настойліва, прагна патрабавала запаўнення. Любоў прынесла з сабой боль і трывогу, якія сціхалі толькі ад дакранання рукі новага бога. У гэтыя хвіліны любоў рабілася радасцюнеўтамаванай радасцю, якая пранізвала ўсю істоту Белага Клыка. Але як толькі бог адыходзіў, як боль і трывога варочаліся, Белага Клыка зноў ахапляла адчуванне пустаты, якая прагна патрабавала запаўнення.

Белы Клык патроху знаходзіў самога сябе. Не гледзячы на свае сталыя гады, не гледзячы на суровую лютасць формы, у якую ён быў выліты Прыродай, у характары яго ўзнікалі усё новыя і новыя рысы. У ім зараджаліся непрывычныя пачуцці і пабуджэнні. Белы