Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І усё-ж незвычайная абстаноўка, у якой апынуўся Белы Клык, зноў узяла яго ў апрацоўку. Яна змякчала ў ім разлютаванасць, ляпіла з яго новую, больш прыгожую форму. Па сутнасці кажучы, усё залежала ад Уідона Скота. Ён дабраўся да самых глыбінь натуры Белага Клыка і ласкай выклікаў да жыцця ўсе тыя пачуцці, якія дрымалі і ўжо напалову заглохлі ў ім. Так Белы Клык даведаўся, што такое любоў. Яна заступіла месца прыхільнасці — самага цёплага пачуцця, даступнага Беламу Клыку ў зносінах з багамі.

Але любоў не можа прысці ў адзін дзень. Узнікнуўшы з прыхільнасці, яна развівалася вельмі павольна. Беламу Клыку падабаўся яго нанава здабыты бог, і ён не ўцякаў ад яго, хоць увесь час быў на волі. Жыць у новага бога было непараўнана лепш, чым у клетцы ў Прыгажуна Сміта, апрача таго Белы Клык не мог абыйсціся без бажаства. Адчуваць над сабой уладу чалавека зрабілася для Белага Клыка неабходнасцю. Адбітак залежнасці ад чалавека астаўся на Белым Клыку з тых далёкіх дзён, калі ён пакінуў - Лясную Глуш і падпоўз да ног Шэрага Бабра, пакорліва чакаючы пабояў. Гэты незгладжальны адбітак зно быў пакладзены на яго, калі ён у другі раз звярнуўся з Лясной Глушы пасля галадоўкі і адчуў пах рыбы ў пасёлку Шэрага Бабра.

І Белы Клык астаўся, таму што ён не мог абыходзіцца без бажаства, а Уідон Скот быў лепш Прыгажуна Сміта. У адзнаку адданасці ён узяў на сябе абавязацельства пільнаваць гаспадарскае дабро. Ён блукаў вакол дома, калі астатнія сабакі ўжо спалі, і першаму-ж спозненаму госцю Скота прышлося адбівацца ад яго палкай да таго часу, пакуль яго не выратаваў сам гаспадар. Але Белы Клык неўзабаве навучыўся адрозніваць злодзеяў ад сумленных людзей, зразумеў, як многа значыць хада і паводзіны. Чалавека, які, моцна стукаючы нагамі, ішоў прама да дзвярэй, ён не чапаў, хоць не спыняў пільна сачыць за ім, пакуль дзверы не адчыняліся і надзейнасць наведвальніка не атрымлівала пацверджання з боку гаспадара. Але чалавек, які прабіраўся, крадучыся, кружнымі шляхамі, стараючыся не папасціся на вочы, — гэты чалавек не ведаў літасці ад Белага Клыка і паспешна і хутка ўцякаў.