Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Клык трымаў сябе зусім інакш. Раней ён ненавідзеў нязручнасці і боль і ўсяляк стараўся ўнікаць іх. Цяпер усё было інакш. Дзеля новага бога Белы Клык часта цярпеў нязручнасці і боль. Так, напрыклад, раніцамі, замест таго каб блукаць у пошуках ежы або ляжаць дзе-небудзь у зацішным кутку, ён праводзіў цэлыя гадзіны ля танку, чакаючы з'яўлення Скота. Уначы, калі той варочаўся дамоў, Белы Клык пакідаў цёплую нару, выкапаную ў гурбе, дзеля таго, каб адчуць прыязнае дакрананне пальца бога, пачуць ад яго прыветныя словы. Ён забываў аб ядзе, — нават аб ядзе! — толькі-б пабыць каля бога, атрымаць ад яго ласку або накіравацца разам з ім у горад.

Але Белы Клык не ўмеў выказваць сваіх пачуццяў. Ён быў ужо не малады і надта суровы для гэтага. Пастаяннае адзіноцтва выпрацавала ў ім вялікую ўраўнаважанасць характару. Яго панурая стрыманасць замкнутасць з'явіліся вынікам доўгага вопыту. Ён ніколі не брахаў за ўсё сваё жыццё, і ўжо не мог навучыцца вітаць свайго бога брэхам. Ён ніколі не лез яму на вочы, не мітусіўся і не скакаў, каб даказаць сваю любоў; ніколі не кідаўся насустрач, а чакаў у баку, але чакаў заўсёды. Любоў яго межавалася з нямым, маўклівым абажаннем. Толькі ўважлівы позірк яго вачэй, што сачылі за кожным рухам Скота, выдаваў пачуццё Белага Клыка. Калі-ж бог глядзеў у яго бок і загаварваў з ім, Белы Клык бянтэжыўся, не ведаючы, як выказаць любоў, што ахапляла ўсю яго істоту.

Белы Клык пачынаў прыстасоўвацца да новага жыцця. Так, ён зразумеў, што сабак гаспадара чапаць нельга. Але яго ўладны характар заяўляў аб сабе, і сабакам давялося пераканацца на справе ў перавазе Белага Клыка. Прызнаўшы яго ўладу над сабой, сабакі ужо не прыносілі яму клопатаў. Варта было Беламу кольку з'явіцца сярод зграі, як сабакі ўступалі яму дарогу і пакараліся яго волі.

Таксама-ж ён прывык і да Мэта, як да ўласнасці гаспадара. Уідон Скот вельмі рэдка карміў Белага Клыка; гэты абавязак ускладаўся на Мэта, але Белы Клык зразумеў, што ежа, якую ён есць, належыць гаспадару, які даручыў Мэту карміць яго. Той-жа самы Мэт паспрабаваў неяк запрэгчы яго ў сані разам з ін-