Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мяса было смачнае, а Белы Клык прагаладаўся. Паступова, з надзвычайнай асцярожнасцю ён падышоў бліжэй і, нарэшце, адважыўся ўзяць мяса з рук Скота. Белы Клык, не зводзячы вачэй з бога, выцягнуў шыю і прыклаў вушы, шэрсць у яго на загрыўку стала дыбам. Глухое бурчэнне клякатала ў яго ў горле, нібы засцерагаючы чалавека, што жарты зараз недарэчы. Белы Клык з'еў кавалак, і нічога з ім не здарылася. Паступова ён з'еў усё мяса. Пакаранне ўсё яшчэ адкладалася.

Белы Клык аблізнуўся і пачаў чакаць. Бог не спыняў гаварыць. У голасе яго чулася ласка, аб якой Белы Клык не меў да гэтага часу ніякага разумення. і ласка гэтая будзіла ў ім невядомыя да гэтага часу пачуцці. Ён адчуў дзіўны спакой, нібы задавальнялася нейкая яго патрэбнасць, запаўнялася, нейкая пустата ў яго істоце. Потым зноў прачнуўся інстынкт, і мінулы вопыт зноў пасылаў Беламу Клыку засцярогу. Багі хітрыя, — цяжка адгадаць, які шлях яны выберуць, каб дабіцца сваіх мэт.

Так ён і думаў! Вось здрадлівая рука бога цягнецца да яго і апускаецца над яго галавой. Але бог не спыняе гаварыць. Голас яго гучыць мякка і заспакойліва. Не гледзячы на пагрозу, якую тоіць у сабе рука, голас унушае давер'е. І не гледзячы на ўсю мяккасць голасу, рука ўнушае страх. Процілеглыя пачуцці і адчуванні змагаліся ў Белым Клыку. Здавалася, ён разляціцца на часткі, раздзіраемы варожымі сіламі, ні адна з якіх не атрымлівала перавагі ў барацьбе толькі таму, што Белы Клык прыкладаў неймаверныя намаганні, каб уціхамірыць іх.

І ён пайшоў на змову з самім з сабой: рыкаў, увесь натапырыўшыся, прыціснуў вушы, але не рабіў спроб ні укусіць Скота, ні ўцячы ад яго. Рука апускалася. Адлегласць паміж ёй і галавой Белага Клыка рабілася ўсё меншай і меншай. Вось яна дакранулася стаўшай дыбам шэрсці. Белы Клык прыпаў да зямлі. Рука апусцілася за ім, прыціскаючыся шчыльней і шчыльней. Скруціўшыся, ледзь не дрыжучы, ён усё яшчэ стрымліваў сябе. Ён адчуваў мучэнне ад дакранання гэтай рукі, што гвалціла яго інстынкты. Белы Клык не мог забыць у адзін дзень усё тое злое, якое прынеслі яму чалавечыя рукі. Але такая была воля бога, і ён