Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Клык рыкаў ва унісон з яго голасам і паміж словамі і ровам наладзіўся рытм. Але гутарка чалавека лілася бесперапынку. Ён гаварыў так, як яшчэ ніхто ніколі не гаварыў з Белым Клыкам. У мяккіх, супакойлівых словах чулася пяшчотнасць, якая нейкім незразумелым чынам хвалявала Белага Клыка. Мімаволі, наперакор усім перасцярогам, ён адчуў даверлівасць да гэтага бога. У ім нарадзілася ўпэўненасць ва ўласнай бяспеч насці, у якой яму столькі разоў прыходзілася пераконвацца ў адваротным пры зносінах з людзьмі.

Пагаварыўшы так досыць доўгі час, бог устаў і пайшоу. Белы Клык падазрона агледзеў Скота, як толькі той зноў вышаў з дома. У руках бога не было ні дубца, ні палкі, ні стрэльбы. І здаровая рука яго не хавалася за спіну. Ён сеў на тое-ж самае месца за некалькі крокаў ад Белага Клыка і працягнуў яму кавалак мяса. Натапырыўшы вушы, Белы Клык недаверліва агледзеў мяса, ухітраючыся глядзець адначасова і на кавалак і на Скота і прыгатаваўшыся адскочыць убок пры першым-жа намёку на небяспеку.

Але пакаранне ўсё яшчэ адкладалася. Бог паднёс кавалак да яго носа. Мяса-як мяса, нічога страшнага ў ім не было. Але Белы Клык усё яшчэ сумняваўся і не ўзяў працягнутага кавалка, хоць рука Скота падсоўвалася ўсё бліжэй і бліжэй да яго носа. Багі мудрыя, хто ведае, якая здрада хаваецца ў гэтым няшкодным з выгляду кавалку мяса? Па свайму мінуламу вопыту, асабліва калі прыходзілася мець справу з індзіянкамі, Белы Клык ведаў, што мяса і пакаранне скрозь і ўсюды мелі паміж сабой вельмі непрыемную сувязь.

Нарэшце бог кінуў мяса на снег, да ног Белага Клыка. Той асцярожна абнюхаў яго, не спускаючы вачэй з бога. Нічога не здарылася. Белы Клык узяў кавалак у зубы і праглынуў. І ўсё-ж нічога не здарылася. Бог прапанаваў яму другі кавалак. І ў другі раз Белы Клык адмовіўся прыняць яго з рук, і мяса зноў было кінута да яго ног. Так паўтарылася некалькі разоў. Але надышоў час, калі Скот адмовіўся кінуць мяса. Ён трымаў кавалак настойліва прапанаваў Беламу Клыку ўзяць яго з рук.