Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ну, яшчэ раз дзеля цікавасці.

Мэт узяў стрэльбу і пачаў павольна паднімаць яе да пляча. Белы Клык адразу-ж зарыкаў, і рык яго рабіўся ўсё больш гучным па меры таго, ЯК стрэльба падымалася кверху. Але секундай раней, чым Мэт паспеў навесці дула, Белы Клык прыгнуў убок і схаваўся за вуглом. Мэт утаропіў вочы на пустое месца, дзе толькі што стаяў сабака.

Паганяты ўрачыста апусціў стрэльбу, павярнуўся і паглядзеў на гаспадара.

— Правільна, містэр Скот. Сабака надта разумны Шкада яго забіваць.

Раздзел шосты

ЛЮБІМЫ ГАСПАДАР

Убачыўшы, што Уідон Скот накіроўваецца да яго, Белы Клык натапырыўся і зарыкаў, даючы гэтым зразумець, што не дазволіць пакараць сябе. З таго часу як ён пракусіў Скоту руку, якая была цяпер забінтавана і вісела на перавязцы, мінулі суткі. Белы Клык ведаў з практыкі, што багі часам адкладаюць пакаранне, і зараз чакаў расплаты за свой учынак. Інакш не магло і быць. Ён зрабіў святатацтва: уеўся зубамі ў свяшчэннае цела бога, прытым беласкурага бога. З практыкі, якая асталася ў яго ад сувязі з багамі, Белы Клык ведаў, што яго чакае жудасная кара.

Бог сеў за некалькі крокаў ад яго. У гэтым яшчэ не было ніякай небяспекі. Звычайна багі караюць стоячы. Апрача таго, у бога не было ні палкі, ні дубца, ні стрэльбы, ды і сам Белы Клык аставаўся на волі. Нішто яго не стрымлівала — ні ланцуг, ні палка, і ён мог выратавацца ўцёкамі раней, чым бог паспее падняцца на ногі. А пакуль што трэба пачакаць і паглядзець, што будзе далей. Бог сядзеў зусім спакойна, не робячы спроб устаць з месца, і злоснае рыканне Белага Клыка паступова перайшло ў глухое бурчэнне, а затым і бурчэнне замоўкла. Тады бог загаварыў, і пры першых-жа гуках яго голасу шэрсць на загрыўку ў Белага Клыка ўзнялася дыбам, у горле зноў заклякатала. Але бог не спыняў спакойна гаварыць, не робячы ніякіх варожых рухаў. Некаторы час Белы