Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Белым Клыкам і спыніўся ўсяго толькі на адну хвіліну, каб недаўменна паглядзець на людзей і памахаць абрубкам хваста у знак сваёй гатоўнасці прадаўжаць бойку.

У гэты момант Белы Клык наляцеў на бульдога і, паласнуўшы яго зубамі за вуха, якое і без таго было разарвана ў клоччы, адскочыў убок. Пачынаючы злаваць, Чэрокі зноў пусціўся ў пагоню, бегаючы ўнутры круга, які рабіў Белы Клык, і стараючыся ўхапіцца мёртвай хваткай яму ў горла. Бульдог крыху прамахнуўся, а Белы Клык, выклікаў гучнае ўхваленне натоўпу, выратаваў сябе толькі тым, што зрабіў нечаканы прыжок у процілеглы бок.

Час ішоў. Белы Клык скакаў і круціўся каля Чэрокі, увесь час наносячы яму ўдары і зараз-жа адскокваючы прэч. А бульдог са змрочнай рашымасцю не спыняў сваё праследаванне. Рана ці позна, а ён дабецца мэты і, схапіўшы Белага Клыка за горла, вырашыць лёс бітвы. Пакуль-жа яму не аставалася нічога іншага, як цярпліва зносіць усе напады праціўніка. Кароткія вушы Чэрокі павіслі махрой, шыя і плечы пакрыліся мноствам ран, і нават губы ў яго былі распаласаваны і заліты крывёй, — і ўсё гэта нарабілі маланкападобныя ўдары Белага Клыка, якіх нельга было ні прадбачыць, ні ўнікнуць.

Шмат разоў Белы Клык спрабаваў збіць Чэрокі з ног, але розніца ў росце была надзвычай вялікая паміж імі. Чэрокі быў вельмі карэнасты, вельмі прысадзісты. І на гэты раз шчасце здрадзіла Беламу Клыку. Прыгаючы і круцячыся каля Чэрокі, ён выгадаў хвіліну, калі праціўнік, які не паспяваў за ім, павярнуў галаву у процілеглы бок, пакінуўшы плячо неахаваным. Белы Клык кінуўся на Чэрокі, але яго ўласнае плячо прышлося значна вышэй пляча праціўніка, ён не здолеў стрымацца і з усяго размаху пераляцеў праз спіну бульдога. У першыню за ўвесь час баявой кар'еры Белага Клыка людзі зрабіліся сведкамі таго, што Белы Клык не здолеў утрымацца на нагах. Стараючыся не страціць глебы пад нагамі, Белы Клык скруціўся ў паветры, як кошка, і толькі гэта перашкодзіла яму паваліцца прама на спіну. Ён грукнуўся набок і ў наступ-