Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

павялічвалі стаўкі. Белы Клык прыгнуў на бульдога яшчэ і яшчэ раз, рвануў яго зубамі і адскочыў убок непашкоджаным, а дзіўны праціўнік бегаў спакойна і далей за ім, не спяшаючыся, але і не запавальняючы хаду, з рашучым і вельмі дзелавітым выглядам. У паводзінах Чэрокі адчувалася нейкая пэўная мэта, ад якой нельга было яго адцягнуць ніякімі намаганнямі. Усе яго рухі былі пранікнуты гэтай мэтай. Белага Клыка гэта збівала з панталыку. Ніколі ў жыцці не сустракаў ён такога сабаку. Шэрсць на ім была зусім кароткая, кроў паказвалася на яго мяккім целе ад самай малой драпіны. Яго здзіўляла таксама адсутнасць пакрыцця на ім з пушыстай футры,якая так часта перашкаджала Беламу Клыку ў бойках з сабакамі блізкай яму пароды. Зубы яго без усякай цяжкасці ўядаліся ў падатлівае цела бульдога, які, здавалася, зусім не умеў абараняцца. Апрача таго, Белага Клыка бянтэжыла тая акалічнасць, што Чэрокі бегаў моўчкі, у той час, як усе іншыя сабакі ў такіх выпадках звычайна пачыналі вішчаць. Калі не лічыць глухога бурчэння, бульдог сустракаў напад моўчкі і ні на хвіліну не спыняў пагоні за праціўнікам.

Нельга сказаць, каб Чэрокі быў няспрытным. Ён круціўся і кідаўся з боку ў бок вельмі хутка, але Белы Клык усё-ж выслізгаў ад яго. Чэрокі таксама быў збіт з панталыку. Яму яшчэ ні разу не даводзілася сустракаць сабаку, які не падпускаў-бы яго да сябе. Жаданне сашчапіцца адзін з другім да гэтага часу заўсёды было ўзаемным. Але гэты сабака увесь час трымаўся на адлегласці, скакаў то ў той, то у іншы бок і выкручваўся ад яго. І нават рвануўшы Чэрокі зубамі, ён не затрымліваўся каля яго, а зараз-жа разнімаў пашчэнкі і адскакваў прэч.

А Белы Клык ніяк не мог дабрацца да горла свайго праціўніка. Бульдог быў надта малы ростам, апрача таго, масіўныя пашчэнкі з'яўляліся ў яго добрай абаронай. Белы Клык кідаўся і адскакваў убок, ухітраючыся не атрымаць ніводнай драпіны, між тым як колькасць ран на целе Чэрокі ўсё расла і расла. Галава шыя ў яго былі распаласаваны з ободвух бакоў. З ран лілася кроў, але Чэрокі не выказваў ніякіх адзнак трывогі. Ён усё таксама добрасумленна ганяўся за