Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вазьмі яго!

Прысадзістая, нязграбная жывёліна пракульгала на сярэдзіну круга і, міргаючы вачыма, спынілася супроць Белага Клыка.

З натоўпу закрычалі:

— Вазьмі яго, Чэрокі! Дай яму як належыць! Бяры яго!

Але Чэрокі, здавалася, не меў ніякага жадання біцца. Ён павярнуў галаву, глядзеў, міргаючы на людзей, што крычалі і дабрадушна круціў абрубкам хваста. Ён не баяўся Белага Клыка, проста ён ляніўся пачынаць бойку. Апрача таго, ён не быў упэўнены, што з сабакам, які стаяў перад ім, трэба ўступаць у бой. Чэрокі не прызвычаіўся сустракаць такіх праціўнікаў і чакаў, калі да яго прывядуць сапраўднага сабаку.

Тім Кінэн увайшоў у круг і нахіліўся над Чэрокі, пагладжваючы яго супроць шэрсці і злёгку падштурхваючы ўперад. Гэтыя рухі падбухторвалі і раздражнялі Чэрокі. Пачулася прыглушанае бурчэнне, якое ішло аднекуль з глыбіні горла. Рухі чалавечых рук цалкам супадалі з бурчэннем сабакі. Калі рукі падштурхоўвалі Чэрокі ўперад, ён пачынаў бурчэць, затым змаўкаў, але на наступнае дакрананне зноў адказваў бурчэннем. Кожны рух рук, што гладзілі Чэрокі супроць шэрсці, закончваўся лёгкім штуршком, які нараджаў у яго ў горле прыглушанае бурчэнне. Белы Клык не мог аставацца абыякавым да ўсяго гэтага. Шэрсць на загрыўку і на спіне паднялася ў яго дыбам. Тім Кінэн штурхнуў Чэрокі ў апошні раз і адступіў назад. Падштурхоўванне спынілася, але бульдог ужо па ўласнай волі пабег уперад, быстра перабіраючы сваімі крывымі лапамі. У гэты момант Белы Клык кінуўся на яго. У гледачоў вырваўся крык захаплення. Белы Клык з лёгкасцю кошкі ў адзін прыжок апынуўся побач са сваім праціўнікам і з той-жа спрытнасцю кошкі рвануў бульдога клыкамі і адскочыў убок.

На тоўстай шыі ў бульдога, каля самага вуха, паказалася кроў. Не звяртаючы на гэта ніякай увагі, нават не зарыкаўшы, Чэрокі павярнуўся і пабег за Белым Клыкам. Адвага, якую выказвалі абое праціўнікі, спрытнасць Белага Клыка і ўпартасць Чэрокі распалілі страсці натоўпу. Гледачы заключалі новыя заклады,