Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бобр быу мякчэйшым і дабрэйшым, ён здолеў-бы абудзіць у Белым Клыку пачуццё прыхільнасці і любові. Але ўсё склалася інакш. Жыццё зрабіла Белага Клыка тым, чым ён зрабіўся цяпер, — панурым, замкненым, злосным зверам, ворагам сваёй пароды.

Раздзел другі

ШАЛЁНЫ БОГ

Белых людзей у форце Юкон было нямнога. Усе яны лічыліся ў тутэйшых месцах старажыламі, называлі сябе «кіслым цестам» і вельмі ганарыліся гэтым. Да тых, хто прыязджаў сюды з іншых месц, старажылы адносіліся з пагардай. Людзі, якія сходзілі з парахода на бераг, былі навічкамі і называліся «чэчакос». Навічкі вельмі недалюблівалі сваю мянушку. Яны расчынялі цеста на содзе, і гэта праводзіла рэзкую грань паміж імі і старажыламі, якія пяклі свой хлеб на заквасцы, таму што соды ў іх не было.

Але ўсё гэта — між іншым. Жыхары форта з пагардай адносіліся да прыезджых і радаваліся ўсякі раз, калі ў тых здаралася якая-небудзь непрыемнасць. Асаблівую ўцеху прыносілі ім расправы Белага Клыка і яго бяспутнай зграі з чужымі сабакамі. Як толькі падыходзіў параход, старажылы форта спяшаліся на бераг, каб не празяваць пацехі. Яны загадзя радаваліся гэтай забаве не менш індзейскіх сабак, і, вядома, зараз-жа ацанілі тую ролю, якую адыгрываў у гэтых бойках Белы Клык. Але сярод старажылаў быў адзін чалавек, якому гэтая забава прыносіла асаблівую прыемнасць. Пачуўшы сірэну падплываючага парахода, ён з усіх ног кідаўся да берага; а калі бойка была скончана і зграя на чале з Белым Клыкам разбягалася ў розныя бакі, чалавек гэты павольнымі крокамі накіроўваўся назад у форт, усім сваім выглядам выказваючы глыбокі жаль. Часта, калі спеставаны паўднёвы сабака з перадсмяротным выццём валіўся на зямлю і гінуў, разрываемы на кавалачкі наляцеўшай на яго зграяй, чалавек не мог стрымацца і пачынаў скакаць на месцы, крычучы ад захаплення. І заўсёды пры гэтым ён з зайздрасцю пазіраў на Белага Клыка.