Усе ўспаміны даўно зніклі з яго галавы, і ён стаяў збянтэжаны, ашаломлены ўсім, што здарылася, калі Кіч зноў пачала нападаць у трэці раз, каб прагнаць яго з вачэй прэч. І Белы Клык пакарыўся. Кіч была самка, а па закону, устаноўленаму яго пародай, самцы не павінны біцца з самкамі. Ён нічога не ведаў аб гэтым за коне, ён зразумеў яго не на падставе жыццёвай практыкі, — гэты закон быў падказан яму інстынктам, тым самым інстынктам, які прымушаў яго выць на месяц і на начныя зоркі, баяцца смерці і невядомасці.
Месяцы ішлі адзін за адным. Сілы ў Белага Клыка прыбаўляліся, ён рабіўся цяжэйшым, шырэйшым у плячах, а характар яго развіваўся па таму шляху, які наперад вызначылі спадчыннасць і навакольнае асяроддзе. Белы Клык быў створан з матэрыялу мяккага, як гліна. Гэты матэрыял хаваў у сабе шмат магчымасцей. Асяроддзе ляпіла з гэтай гліны ўсё, што яму хацелася, надаючы ёй любую форму. Так, калі-б не падышоў Белы Клык на агонь, раскладзены чалавекам, Лясная Глуш зрабіла-б з яго сапраўднага ваўка. Але багі ўвялі яго ў другое асяроддзе, і з Белага Клыка атрымаўся сабака, у якім было многа воўчага, і ўсё-ж гэта быў сабака, а не воўк.
І вось, пад уплывам навакольнай абстаноўкі падатлівы матэрыял, з якога быў зроблен Белы Клык, набыў вельмі своеасаблівую форму. Гэта было немінуча.
Ён рабіўся ўсё больш панурым, злым, усё больш замыкаўся ў сабе; сабакі-ж зразумелі, што з Белым Клыкам лепш жыць у згодзе, чым быць у варожасці, а Шэры Бобр з кожным днём усё больш і больш цаніў яго.
Тым не менш Белы Клык, не гледзячы на ўсю сваю сілу, цярпеў ад адной слабасці. Ён не любіў, калі над ім смяяліся.
Чалавечы смех здаваўся яму агідным. Людзі маглі смяяцца паміж сабой над чым хочаце, толькі не над ім, і ён не звяртаў на гэта ўвагі. Але варта было ім засмяяцца над Белым клыкам, як ён пачынаў шалець. Сур'ёзны, заслугоўваючы вартасці сабака пачынаў шалець да недарэчнасці. Смеха да такой ступені выводзіў яго з цярпення, што некалькі гадзін запар ён быў у шаленстве, як д'ябал. І гора таму сабаку, які папа-