Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

даўся Беламу Клыку ў гэтыя хвіліны! Ён надта добра ведаў закон, каб спагнаць злосць на Шэрым Бабру, Шэраму Бабру дапамагалі палка і розум, а ў сабак не было нічога, апрача адкрытай прасторы, якая і ратавала іх, калі на сцэне з'яўляўся Белы Клык, даведзены смехам да шаленства.

Калі яму пайшоў трэці год, сярод індзейцаў, якія жылі на рацэ Макензі, настаў страшэнны голад. Летам не лавілася рыба. Зімой алені адышлі са сваіх звычайных месц. Лосі трапляліся рэдка, трусы амаль зніклі, паляўнічыя і драпежныя жывёлы гінулі. Прагаладаўшыся, аслабеўшы ад недаядання, жывёлы пачалі пажыраць адзін аднаго. Выжывалі толькі моцныя. Багі, якіх ведаў Белы Клык, заўсёды жылі паляваннем. Старыя і слабыя памерлі ад голаду. У пасёлку панаваў плач. Жанчыны і дзеці ўступалі сваю мізэрную долю схудзелым, асунуўшымся паляўнічым, якія рыскалі па лесе у дарэмных пошуках дзічыны.

Голад давёў багоў да такой крайнасці, што яны елі макасіны і рукавіцы, зробленыя з сурамяціцы, а сабакі з'ядалі сваю вупраж і нават пугі. Апрача таго, сабакі елі адзін аднаго, а багі елі сабак. Спачатку з'елі самых слабых менш каштоўных. Сабакі, якія асталіся ў жывых, бачылі ўсё гэта і зразумелі, што іх чакае такі-ж лёс. Тыя, хто быў смялейшы і разумнейшы, пакінулі агні, раскладзеныя чалавекам, каля якіх цяпер ішла бойня, і ўцякалі ў лес, дзе іх чакала галодная смерць або зубы ваўкоў.

У гэты цяжкі час Белы Клык таксама ўцёк у лес. Ён быў больш прыстасаваным да жыцця, чым іншыя сабакі, — ім кіравала школа, пройдзеная яшчэ ў дзяцінстве. Асабліва ўмела выгледжваў ён маленькіх звяркоў. Ён мог гадзінам сачыць за кожным рухам асцярожнай вавёркі і чакаць, калі яна адважыцца злезці з дрэва на зямлю. Пры гэтым ён меў такое велізарнае цярпенне, якое ні ў чым не уступала мучыўшаму яго голаду. Але нават і тады Белы Клык не спяшаўся. Ён чакаў да таго часу, пакуль можна было дзейнічаць без промаху, не баючыся, што вавёрка зноў уцячэ на дрэва.

Тады, і толькі тады, Белы Клык з хуткасцю маланкі выскакваў са сваёй засады, як снарад, які ніколі не пралятае міма намечанай цэлі — міма вавёркі, якую не