Перайсці да зместу

Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чыліся пакідаць яго ў стаі, не абвяшчаючы яму варожасці і не робячы спроб завязаць з ім дружбу. А калі яны пакідалі Белага Клыка ў спакоі — ён плаціў ім тымжа, і пасля некалькіх сутычак сабакі пераканаліся, што такое становішча спраў задавальняе ўсіх як нельга лепш.

У сярэдзіне лета з Белым Клыкам здарыўся нечаканы выпадак. Прабягаючы сваёй бясшумнай рысцой на канец пасёлка, каб абследаваць там новы вігвам, пабудаваны, пакуль ён хадзіў з індзейцамі на паляванне за лосем, ён наткнуўся на Кіч. Белы Клык спыніўся і паглядзеў на яе. Ён памятаў матку смутна, але ўсё-ж памятаў, чаго нельга было сказаць аб Кіч. Грозна зарыкаўшы, яна вышчарыла на яго зубы, і Белы Клык успомніў усё. Успаміны аб забытым дзяцінстве і аб усім тым, аб чым гаварыў гэты рык, нахлынулі на яго. Да сустрэчы з багамі Кіч была для Белага Клыка цэнтрам сусвету. Старыя, знаёмыя пачуцці тых дзён вярнуліся і авалодалі ім. Узрадаваны Белы Клык прыгнуу да маткі, яна сустрэла яго трапным ударам клыкоў, распароўшы яму скулу да самай касці. Белы Клык нічога не зразумеў; ён у замяшанні адступіўся назад, ашаломлены такім прыёмам.

Але Кіч была не вінавата. Ваўчыцы забываюць сваіх ваўчанят, якім споўніўся год або больш года. Таксама-ж і Кіч забыла Белага Клыка. Ён быў для яе чужым, незнаёмым зверам, і вывадак, якім яна абзавялася за гэты час, даваў ёй права нязычліва адносіцца да ўмяшання старонніх.

Адзін з яе шчанюкоў падпоўз да Белага Клыка. Самі таго не ведаючы, яны даводзіліся адзін аднаму зводнымі братамі. Белы Клык з цікавасцю абнюхаў шчанюка, за што Кіч яшчэ раз наскочыла на яго і распаласавала яму морду. Белы Клык адступіў яшчэ далей. Усе старыя ўспаміны, якія ўваскрэслі было ў ім, зноў памерлі і ператварыліся ў прах. Ён глядзеў на Кіч, якая лізала свайго шчанюка і час ад часу паднімала галаву, каб зарыкаць. Кіч не мела ніякай цаны для Белага Клыка. Ён навучыўся абыходзіцца без яе і забыў, чым яна была дорага яму. У яго свеце для Кіч ужо не было месца, таксама як і ў яе свеце не было месца для Белага Клыка.